29 снежня 2024, Нядзеля, 5:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Шасцёрка» так і не вызначылася

65
«Шасцёрка» так і не вызначылася

Паведамляецца, што «кааліцыя шасці» нібыта ўзгадніла пазіцыі адносна ўдзелу ў парламенцкай выбарчай кампаніі 2012 года.

Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін.

Кансультацыі прайшлі ў Менску 23 студзеня. У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі АГП, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», руху «За Свабоду» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Па словах Марголіна, «кааліцыя шасці» лічыць, што «выбараў у Беларусі няма, і няма ніякіх намёкаў, што яны могуць быць праведзеныя ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі». Абавязковай умовай правядзення дэмакратычных выбараў, а таксама легалізацыі ўлады апазіцыйныя структуры лічаць вызваленне палітвязняў.

«Кааліцыя шасці» разглядае парламенцкія выбару ў якасці «шырокай палітычнай кампаніі», адзначыў Марголін. «Мы павінныя прыкласці намаганні, каб выкарыстоўваць яе па максімуме. Прычым кампанія павінная ўключаць не толькі парламенцкія выбары самі па сабе, але і дзеянні па кансалідацыі насельніцтва вакол прыхільнікаў пераменаў, прапагандзе сярод выбаршчыкаў палітычнай альтэрнатывы цяперашняму рэжыму», - падкрэсліў палітык.

Каб вызначыць, якія канкрэтна дзеянні варта рэалізаваць падчас кампаніі, «кааліцыя шасці» мае намер правесці шырокую грамадскую дыскусію з прыцягненнем экспертаў. Па словах Марголіна, дыскусія не будзе зацягвацца: на канкрэтныя рашэнні плануецца выйсці на працягу максімум двух месяцаў. У выпадку неабходнасці не выключанае правядзенне кангрэса дэмакратычных сіл, які зацвердзіць адзіную пазіцыю.

Марголін падкрэсліў: для «кааліцыі шасці» «не існуе пытання ўдзельнічаць у выбарах ці не». «Байкот - гэта адна з форм удзелу, якая мае на ўвазе вылучэнне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, правядзенне назірання за выбарамі, а таксама, магчыма, і вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты», - растлумачыў палітык.

Намеснік старшыні АГП лічыць, што да парламенцкіх выбараў застаецца дастатковы тэрмін, каб «выразна сфармуляваць усе падыходы, прад'явіць уладам умовы ўдзелу апазіцыі ў выбарах, а таксама даць ім час адрэагаваць на гэтыя ўмовы».

У бліжэйшы час праект дакумента, тэкст якога быў узгоднены сёння, падпішуць лідэры арганізацый, якія ўваходзяць у «кааліцыю шасці».

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках