Праваабарончы цэнтр «Вясна» пазбавіўся офіса
27- 24.01.2012, 13:53

Паплечнікі Алеся Бяляцкага сёння пакідаюць офіс.
Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміла калега праваабаронца Тацяна Равяка.
Па ейных словах, праваабаронцы да сённяшняга дня спадзяваліся, што разгляд касацыйнай скаргі адменіць хаця б частку прысуду Алесю Бяляцкаму. Тады паплечнікі праваабаронца маглі б працягнуць сваю дзейнасць у офісе, які займаюць з 2000 года.
«Лукашэнка адназначна сказаў: няхай аддасць грошы - і будзе на волі. Справа не ў грошах апынулася. Сталася так, што грошы ўнеслі, шкода, якая нібыта была нанесеная Бяляцкім і вызначаная судом першай катэгорыі, была згашаная... Але рашэнне не змянілася! Справа абсалютна палітычная, і ніякай эканамічнага падатковага складніку ў справе Бяляцкага не існуе», - паведаміла праваабаронца.
Нагадаем, што праваабаронца прысуджаны да 4,5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Сёння Менскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле, нягледзячы на тое, што сіламі грамадскасці былі кампенсаваны 757 млн рублёў, якія нібыта быў вінны дзяржаве Алесь Бяляцкі.









