Дыктатар хоча правесці інвестыцыйны форум у Нью-Ёрку
25- 25.01.2012, 10:39
Беларускія ўлады плануюць правесці чарговы інвестыцыйны форум у Нью-Ёрку.
Пра гэта паведамляе са спасылкай на свае крыніцы выданне «Беларускія навіны».
Праводзіць інвестыцыйныя форумы Беларусь пачала ў 2008 годзе. Першы Беларускі інвестыцыйны форум праходзіў, як вядома, у Лондане, потым, у 2009 годзе, форум правялі ў Менску. А ў лістападзе 2010 года пляцоўкай для Беларускага інвестыцыйнага форуму выступіла Германія, форум праходзіў у Франкфурце-на-Майне.
Аднак правядзенне такіх гучных мерапрыемстваў па зборы грошай на Захадзе заўсёды мела адваротны бок - бессаромнае распараджэнне лёсамі беларусаў і гандаль палітвязнямі.
Так, па паведамленні WikiLeaks, у 2008 годзе інвестфорум у Лондане быў арганізаваны ў абмен на свабоду арыштаванага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, якія адседзелі ў турме некалькі гадоў. На волю таксама выйшлі палітвязні Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. І хоць Лукашэнка не выканаў сваё абяцанне пусціць некалькіх апазіцыянераў у «палатку», інвестфорум ўсё ж адбыўся.
Франкфурцкі форум прайшоў на піку так званай адлігі перад прэзідэнцкімі выбарамі, калі еўрапейскім палітыкам было абяцана правядзенне «вольных і сумленных» выбараў прэзідэнта.
Што кіраўнік прапаноўвае для абмену на гэты раз?