24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Злотнікаў: Наменклатура зразумела, што ў эканоміцы ўсё зусім дрэнна

205
Злотнікаў: Наменклатура зразумела, што ў эканоміцы ўсё зусім дрэнна

Таму чыноўнікі загаварылі аб пераходзе на расейскі рубель, лічыць эканаміст.

Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў пракаментаваў сайту charter97.org заяву прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча аб тым, што ў Мытным саюзе (МС) патрэбная адзіная валюта.

«Тут магчымыя дзве прычыны. Першая - справы ў эканоміцы настолькі дрэнныя, што паправіць іх можна толькі пераходам на адзіны рубель. Замяніўшы беларускі рубель расейскім, можна будзе пазбегнуць дэвальвацыі і звязанага з гэтым зніжэння ўзроўню жыцця», - сказаў эксперт.

«Альтэрнатыўная прычына - у наступным годзе Беларусі трэба разлічвацца па знешніх пазыках у яшчэ большым аб'ёме, чым цяпер. Ураду патрэбна будзе валюта. Магчыма, за пераход на расейскі рубель Расея выдзеліць нам дадатковы крэдыт. Але я схіляюся да першага варыянту», - адзначыў Леанід Злотнікаў.

«Цалкам магчыма, што Лукашэнка адчуў, што ў эканоміцы справы зусім дрэнныя. А можа быць, гэта адчула толькі наменклатура. За адзін тыдзень аб неабходнасці адзінай валюты ў МС загаварылі адразу два чыноўнікі - прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і спікер «савета рэспублікі» Анатоль Рубінаў. Наўрад ці гэта выпадковасць. Магчыма, намэнклятуршчыкі ўсвядомілі, што становішча цяжкае і з яго трэба неяк выходзіць», - лічыць эканаміст.

«Пераход на адзіную валюту не страшны, калі гэтая валюта будзе цвёрдай, калі яна не абясцэніцца і не будзе дэвальвавацца. Цвёрдая валюта вельмі важная. Зараз у Беларусь мала хто хоча ўкладаць грошы, бо ўсё можа абясцэніцца, - упэўнены эксперт.

«Расейскі рубель цяпер цвярдзейшы. Калі мы пяройдзем на яго, то ўрад пазбавіцца магчымасці друкаваць нічым не падмацаваныя грошы, а астатнім гэта пойдзе на карысць», - заўважыў Леанід Злотнікаў.

«Але тут ёсць адзін момант, мы не ведаем, што будзе з расейскім рублём у сярэднетэрміновай перспектыве, праз 4-5 гадоў. Могуць зваліцца кошты на энерганосьбіты і гэта ударыць па расейскай валюце», - распавёў эканаміст.

Нагадаем, 28 верасня, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў міжнароднага інвестыцыйнага форуму «Ялцінскія дзелавыя сустрэчы», Мясніковіч заявіў, што Беларусь падтрымлівае ідэю руху да адзінай валюты ў рамках Мытнага саюза.

«Што тычыцца валютнай інтэграцыі, то трэба прайсці ўсе этапы. Мы гэтыя этапы ўсе праходзім. Безумоўна, тут нельга запрагаць калёсы наперадзе каня, але я думаю, што без гэтага, без узгодненай валютнай палітыкі, без адзінай валюты працаваць далей будзе ўсё складаней», - сказаў чыноўнік.

Напісаць каментар 205

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках