За сем месяцаў у калоніі Бяляцкі атрымаў сем спагнанняў
6- 12.10.2012, 12:53
50-гадовы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі за сем месяцаў знаходжання ў бабруйскай калоніі № 2 атрымаў сем спагнанняў.
Пра гэта БелаПАН паведаміў яго калега, праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Нядаўна Стэфановіч атрымаў ад Бяляцкага адразу тры лісты. «У адным з іх ён піша, што інфармацыя, якая прайшла ў СМІ пра тое, што яго змясцілі ў штрафны ізалятар, мела пад сабой усе падставы. Справа ў тым, што ён атрымаў чарговае спагнанне за тое, што нібыта спаў у неналежны час. На самой справе Бяляцкі медытаваў. 19 верасня Бяляцкага павялі на медыцынскі агляд у санчастку - гэта першы знак таго, што яго збіраліся змясціць у СІЗА. Гэта неабходная працэдура, каб праверыць, ці вытрымае чалавек умовы штрафнога ізалятара», - сказаў Стэфановіч.
Аднак другога кроку – змяшчэння Бяляцкага ў СІЗА - не было. «Сам Алесь лічыць, што ў гэты момант адміністрацыя калоніі атрымала інфармацыю пра візіт да яго нунцыя Клаўдыё Гуджероцці, які адбыўся 25 верасня, і тэрмінова адмяніла сваё рашэнне», - паведаміў Стэфановіч.
«Бяляцкі таксама піша, што ў калоніі ён адзначыў не толькі свой 50-гадовы юбілей, але і яшчэ адзін маленькі юбілей - чвэрць тэрміну за кратамі, з улікам таго, што тэрмін адбыцця пакарання вылічаецца з моманту затрымання - 4 жніўня 2011 года», - сказаў ён.
Праваабаронца адзначыў, што Бяляцкі ў калоніі па-ранейшаму знаходзіцца ў статусе злоснага парушальніка рэжыму, у яго абмежаваныя спаткання са сваякамі і колькасць перадач. «Такім чынам, яго фактычна ізалявалі ад знешняга свету», - лічыць Стэфановіч.
Суд над Алесем Бяляцкім адбыўся ў лістападзе 2011 года. Праваабаронцу прызналі вінаватым у нібыта ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў той факт, што грошы, якія паступаюць на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для дзейнасці закрытага ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна». Суд таксама не прыняў да ўвагі, што шкода, якую нібыта нанёс Бяляцкі, была цалкам пагашана за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Беларускі праваабаронца абвешчаны вязнем сумлення.