Супраць Уласевіча фабрыкуюць чарговую справу
4- 2.10.2012, 10:32
1 кастрычніка да астравецкага актывіста АГП, экс-кандыдата ў дэпутаты Мікалая Уласевіча прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.
Як высветлілася, для таго, каб скласці пратакол аб «непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы».
Яго абвінавачваюць у тым, што дзесяць дзён таму ён нібыта парушыў закон, паведамляе прэс-служба Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
Нагадаем, напярэдадні «выбараў», 21 верасня, Мікалай Уласевіч быў затрыманы міліцыяй «за распаўсюджванне агітацыйных матэрыялаў забароненага характару». Яго даставілі ў аддзел міліцыі, дзе больш за тры гадзіны складалі пратакол апытання і праводзілі асабісты дагляд на падставе санкцыі раённага пракурора А.Марцінчыка. Затым абшукалі яго машыну, з якой канфіскавалі 116 бюлетэняў «Прававой дапамогі насельніцтву» з яго кандыдацкім радыё і тэлезваротам да выбаршчыкаў. Ператрус працягваўся ў яго доме да глыбокай ночы. Там канфіскавалі 72 агітацыйныя ўлёткі АГП «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». На просьбу Уласевіча выдаць копіі ўсіх вынесеных пастаноў на правядзенне ператрусаў, канфіскацый і апытання яму выдалі толькі копію пратаколу асабістага дагляду.
- Сёння я адмовіўся і падпісваць, і ўдзельнічаць у напісанні пратаколу, так як «непадпарадкаванне" было 21 верасня. - Распавёў Мікалай Уласевіч. - Чаму не склалі гэты пратакол у дзень майго затрымання?! Раніцай быў у аддзеле. Хацеў займець дакументы па 21-му для абскарджання. Не далі. Няма таго чалавека. Ён з'явіўся толькі ўвечары, але дакументы наадрэз адмовіўся прадставіць. Фабрыкуюць справу.