Нью-Йоркскі клуб рускіх паэтаў супраць пераследу Пачобута
- 23.10.2012, 13:00
21 кастрычніка клуб выступіў з адпаведнай заявай.
«Мы, рускамоўныя літаратары Амерыкі, выказваем рашучы пратэст супраць пераследу беларускімі ўладамі журналіста, карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» Анджэя Пачобута», - гаворыцца ў заяве, тэкст якой атрымала прэс-служба БАЖ.
«Журналісту пагражае пяць гадоў турмы за шэраг публікацый у інтэрнэце. Паводле ацэнак незалежных экспертаў, журналісцкія артыкулы Пачобута не ўтрымліваюць прыкмет паклёпу, але крытыкуюць палітыку беларускіх улад.
Наш пратэст мы давядзем да ведама беларускіх улад і сусветнай грамадскасці праз непасрэдныя звароты да міжнародных структур і публікацыі ў прэсе», - гаворыцца ў заяве.
Сітуацыю з Пачобутам адсочвае таксама Амерыканскі ПЭН-цэнтр (PEN American Center), які аб'ядноўвае каля 3 000 літаратараў. Яшчэ ў ліпені, калі стала вядома пра новую крымінальную справу супраць журналіста, арганізацыя звярталася да Аляксандра Лукашэнкі і генпракурора Аляксандра Канюка з заклікам зняць з Пачобута усе абвінавачванні і выканаць свае абавязацельствы па абароне свабоды выказвання для ўсіх грамадзян. Звароты пратэсту былі накіраваны таксама ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў шэрагу краін.