24 снежня 2024, aўторак, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзядку дазволілі медыцынскія і рэчавыя перадачы

5
Дзядку дазволілі медыцынскія і рэчавыя перадачы

Цяпер палітвязень зможа атрымаць лекі і цёплыя рэчы на зіму.

Пра гэта сайту charter97.org распавёў Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка:

«Мікалай застаецца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Адзінае, ён здолеў знайсці разуменне з адміністрацыяй на прадмет медыцынскіх бандэроляў. Цяпер ён можа атрымліваць усе неабходныя лекі. Таксама яму дазволены рэчавыя перадачы. Так што на зіму ў яго будуць цёплыя рэчы».

«Са здароўем у сына ўсё добра, не хварэе, займаецца спортам», - адзначыў Аляксандр Дзядок.

Па словах бацькі палітвязня, суд пакуль не разглядаў грамадзянскі пазоў на вяртанне Мікалаю Дзядку Чарнобыльскага пасведчання: «Да гэтага часу не абскарджаная адмова ў выдачы Чарнобыльскага пасведчання, суд цягне. У апошні раз суд сказаў, што адкладае пасяджэнне на нявызначаны тэрмін. Нібыта таму, што суддзя занятая. Канкрэтных прычын не называлі».

Нагадаем, Мікалай Дзядок нарадзіўся ў Брагіне, на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС. Вярхоўны суд забраў у палітвязня Чарнобыльскае пасведчанне, сцвярджаючы, што няма доказаў таго, што Мікалай нарадзіўся ў Брагіне. Пры гэтым месца нараджэння палітвязня паказана ў пасведчанні аб нараджэнні. Але Вярхоўны суд не палічыў гэта доказам. Наяўнасць Чарнобыльскага пасведчання дазволіла б палітвязню выйсці на волю па амністыі.

Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч і Максім Веткін, якія праходзілі з ім па адной справе, былі асуджаныя судом Завадскога раёна Менска 27 траўня 2011 года. Ім інкрымінавалі шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закід бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Мікалая Дзядка прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках