24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эмануэліс Зінгерыс: Набліжаныя Лукашэнкі спрабуюць паўплываць на палітыку ЕЗ

37
Эмануэліс Зінгерыс: Набліжаныя Лукашэнкі спрабуюць паўплываць на палітыку ЕЗ

(абноўлена) Для гэтага яны наладжваюць сувязі з буйнымі літоўскімі бізнесменамі.

Кіраўнік Камітэта па замежных справах Сейма Літвы і віцэ-прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Эмануэліс Зінгерыс у інтэрв'ю charter97.org пракаментаваў інфармацыю пра тое, што беларускія алігархі і чыноўнікі скупляюць нерухомасць у Вільні. Ён нагадаў аб тым, што набліжаныя беларускага дыктатара кіруюцца прыкладам сваіх калег з іншых аўтарытарных краін, напрыклад з Расеі, якія купляюць жыллё на Кіпры або ў Заходняй Еўропе і адпраўляюць сваіх дзяцей вучыцца ў прэстыжныя заходнія ВНУ.

«Чамусьці атачэнне Лукашэнкі не імкнецца укладваць грошы ў гэтак блізкія ім Паўночную Карэю ці Венесуэлу. Яны хочуць набыць маёмасць, якая будзе абаронена законамі ЕЗ, хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў еўрапейскіх універсітэтах. Яны не вераць сістэме, якую самі ж стварылі, таму не ўкладаюць у яе свае грошы», - кажа палітык.

Эмануэліс Зінгерыс таксама звярнуў увагу на прысутнасць у спісе пакупнікоў нерухомасці алігархаў Юрыя Чыжа, які меў забарону на ўезд на тэрыторыю ЕЗ і Аляксандра Шакуціна, які можа апынуцца ў «чорных спісах» у выпадку пашырэння санкцый супраць беларускага рэжыму.

«Алігархі і чыноўнікі, якім забаронены ўезд у краіны ЕЗ, могуць купляць тут нерухомасць - напрыклад, робячы гэта праз падстаўных асоб, - але мяжу перасекчы яны не змогуць да тых часоў, пакуль візавыя забароны ў дачыненні да іх не будуць знятыя», - упэўнены Эмануэліс Зінгерыс.

Таксама ён закрануў сувязі паміж беларускімі алігархамі і літоўскім бізнесам і выказаў меркаванне, што такім чынам набліжаныя Лукашэнкі спрабуюць паўплываць на палітыку ЕЗ. Аднак, паводле яго слоў, падобныя спробы бескарысныя.

«Несумненна ідзе пошук кантактаў для таго, каб паспрабаваць націснуць на палітычную сістэму ЕЗ і выкарыстоўваць для гэтага Літву, дзе неўзабаве пройдуць парламенцкія выбары.

Яны кіруюцца прыкладам «Газпрама», які заручыўся лабіяваннем сваіх інтарэсаў з боку Шродэра. У той час, як іх дзеці вучацца ў Оксфардзе і Прынстане, яны катуюць сваіх апанентаў у засценках КДБ, пытаючыся ў iх аб сувязях з Еўрапейскім парламентам, як гэта, напрыклад, адбывалася падчас допытаў рэдактара charter97.org Наталлі Радзінай.

Вось такія «райскія шаты» ствараюць сабе дыктатары, учыняючы «ежоўшчыну» у сваіх краінах і спрабуючы ўплываць у той жа самы час на палітыку дэмакратычных краін.

Будзем спадзявацца, што Лукашэнка такой магчымасці не атрымае», - сказаў на заканчэнне Эмануэліс Зінгерыс.

Нагадаем, літоўскі тэлеканал TV3 паведаміў аб тым, што найбліжэйшае атачэнне Лукашэнкі скупляе дарагую нерухомасць у Вільні. Сярод пакупнікоў называюць прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, былога кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава, алігархаў, якія фінансуюць рэжым, Аляксандра Шакуціна і Юрыя Чыжа.

Па дадзеных крыніц, беларускія алігархі не губляюць час дарма ў Вільні, а размаўляюць з літоўскімі мільянерамі - Аўгусцінасам і Артурасам Ракаўскасамі, Таўтвідасам Баршцісам.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках