Вернікі Еўропы абураныя катаваннямі над Дашкевічам
6- 9.10.2012, 17:21
У Польшчы прайшла канферэнцыя, у якой прымалі ўдзел евангельскія вернікі 13 краін Еўропы.
У рамках служэнняў прайшлі двухгадзінныя малітвы за Беларусь.
У спецыяльным пасяджэнні, прысвечаным Беларусі, прадстаўнікі еўрапейскіх краін даведаліся пра сітуацыю ў Беларусі, пра палітвязняў, у тым ліку менавіта пра Зміцера Дашкевіча. Затым адбылася малітва за Зміцера і іншых палітвязняў Беларусі.
Інфармацыя, якая была агучана, выклікала хвалю абурэння і салідарнасці. Вернікі прасілі адрасы палітвязняў, каб пісаць ім лісты падтрымкі.
Нагадаем, 26 верасня ў СМІ з'явілася інфармацыя аб ціску, які аказваецца на Дашкевіча з боку адміністрацыі калоніі. Паведамлялася, у прыватнасці, што прадстаўнікі адміністрацыі абразліва выказваліся з нагоды пратэстанцкіх цэркваў і евангельскай веры Дашкевіча, а таксама з іх вуснаў гучалі пагрозы згвалтавання.