Выбух каля КДБ у Віцебску: затрыманыя трое (Фота)
261- 12.11.2012, 4:13
У ноч на 12 лістапада паступіла інфармацыя, што ў Віцебску прагрымеў выбух. Як мяркуецца, побач з КДБ.
Першымі інфармацыю аб выбуху ў Віцебску размясцілі журналісты і простыя карыстальнікі Фэйсбука.
Журналіст Зміцер Брушко напісаў: «Пішуць, што ў цэнтры нешта выбухнула... Моладзь мянты мятуць з вуліц.... нічога не зразумела. Міліцыянты бяруць усіх, хто ходзіць у капюшоне па вуліцы».
Пазней фотакарэспандэнт Антон Маталько адзначыў: «Пішуць, што выбух быў у раёне будынка КДБ. Мяркуючы па цішыні, магчыма, проста хуліганства».
Наташа Чэ: «Сама не была на месцы, таму нічога канкрэтнага распавесці не магу. Усе са слоў брата, ён вярнуўся толькі а другой гадзіне ночы, каля пяці гадзін чакаў сябра ў райаддзеле міліцыі, дзе ўласна і пачарпнуў усю гэтую інфу. Бачыў агароджаны стужкай будынак КДБ - ён побач з мянтоўкай. Казаў, здаецца, вокны выбітыя, але ніякіх істотных разбурэнняў. Нікога блізка не падпускаюць, могуць прайсці толькі тыя, хто жыве ў бліжэйшых дамах. Мяркую, што нейкае хуліганства».
Алена Сцяпанава: «Усё-ткі нешта ёсць, паведамляюць відавочцы: правае крыло будынка, далёкае, да Дзвіны, абгароджана стужкай».
Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта ў Віцебску Павел Левінаў з'ездзіў да будынка віцебскага КДБ.
Паводле яго слоў, па стане на 3.30 раніцы 12 лістапада сітуацыя наступная:
«У вокнах КДБ гарыць святло; каля ўезду на тэрыторыю службовы аўтобус; тэрыторыя каля правага крыла будынка (калі стаяць тварам да цэнтральнага ўваходу) абнесеная стужкай, перад будынкам рух асоб у цывільным, прылеглая тэрыторыя ахоўваецца супрацоўнікамі міліцыі.
Дзяжурны супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС (знаходзіцца на адлегласці каля 90 метраў ад будынка КДБ) адмовіўся паведаміць пра здарэнне і наяўнасць або адсутнасць затрыманых, парэкамендаваўшы звярнуцца ў прэс-службу Віцебскага УУС».
Сайт charter97.org у 4 раніцы патэлефанаваў ва Упраўленне КДБ па Віцебскай вобласці. На пытанне, ці быў выбух, супрацоўнікі КДБ адказалі: «Без каментароў». Такі адказ мяркуе: дыму без агню не бывае.
Раніцай агенцтва БелаПАН пацвердзіла, што, па сведчанні відавочцаў, тэрыторыя, прылеглая да Віцебскага абласнога ўпраўлення КДБ, размешчанага па вуліцы Савецкай, 18, ужо на працягу некалькіх гадзін ачэпленая супрацоўнікамі міліцыі.
У 10 гадзін КДБ распаўсюдзіў афіцыйную інфармацыю:
11 лістапада 2012 года ў 18.48 каля будынка Упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці адбыўся падрыў прымітыўнай самаробнай піратэхнічнай прылады, які пацягнуў пашкоджанне двух вокнаў адміністрацыйнага будынка.
Паводле папярэдніх ацэнак, прылада ўяўляла сабой кардонны або пластмасавы тубус, начынены 50-70 грамамі піратэхнічнай сумесі і змешчаны ў металічны слоік ёмістасцю 0,25-0,33 л без паражальных элементаў. У дзеянне прыведзена агнявым спосабам (шляхам падпалу).
У выніку неадкладных следчых дзеянняў і на падставе паказанняў сведак затрыманыя тры чалавекі, адзін з якіх з вонкавымі прыкметамі адхіленняў ад нармальных паводзінаў раней ажыццяўляў тэлефонныя званкі ва УКДБ з некарэктнымі выказваннямі ў адрас органаў улады. Узбуджаная крымінальная справа па арт. 339 КК Беларусі (хуліганства). На месцы здарэння працуе аператыўна-следчая група.
Фота «Народныя навіны Віцебска»: