Праваабаронцу Левінава выдалілі з месца выбуху ў Віцебску
13- 12.11.2012, 11:42
На віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава складзены адміністрацыйны пратакол аб парушэнні правілаў дарожнага руху.
Сёння з самай раніцы Левінаў знаходзіўся каля будынку Упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці, дзе напярэдадні прагрымеў выбух. Менавіта ад яго шматлікія СМІ даведваліся, што адбываецца на месцы здарэння, перадае БелаПАН.
Левінаў спрабаваў сустрэцца з кім-небудзь з кіраўніцтва мясцовага КДБ ці міліцыі, каб даведацца афіцыйную інфармацыю пра здарэнне. Аднак замест гэтага каля 10.00 яго даставілі ў РАУС, абвінаваціўшы ў парушэнні правілаў дарожнага руху - у тым, што, знаходзячыся каля будынка УКДБ, ён хадзіў па праезнай частцы, а не па тратуары.
Як распавёў праваабаронца, ён сапраўды выходзіў на дарогу, але - не ён адзін. «Тэрыторыя каля будынка КДБ па-ранейшаму абнесеная стужкай, машыны тут не праязджаюць, таму па праезнай частцы ходзяць многія, у тым ліку - супрацоўнікі камітэта», - заўважыў Левінаў.
Ён мяркуе, што такім чынам яго хацелі проста ўбраць далей ад месца выбуху.
За парушэнне правілаў дарожнага руху Левінава абавязалі выплаціць штраф у памеры 200 тысяч рублёў, аднак праваабаронца збіраецца абскардзіць дзеянні міліцыі. «Пры складанні пратаколу мае правы былі парушаныя, мне не далі магчымасць абароны. Я буду абскарджваць дзеянні міліцыі», - паведаміў праваабаронца.
Зараз Левінаў ізноў знаходзіцца каля будынку УКДБ. Паводле яго слоў, тэрыторыя ўсё яшчэ абнесеная стужкай, каля будынка стаяць машыны тэлекампаній ОНТ і СТВ.