23 снежня 2024, панядзелак, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ілля Багданаў: Мяне забралі з дому ў кайданках і павезлі ў Менск  

7
Ілля Багданаў: Мяне забралі з дому ў кайданках і павезлі ў Менск  

Адзін з затрыманых актывістаў БХД распавёў пра сваё затрыманне.

З Іллём Багданавым пагаварылі журналісты «Еўрарадыё».

- Распавядзіце, як пачаліся Вашыя прыгоды.

- Гэта адбылося на мінулым тыдні. У пятніцу. Я чакаў сябра, які павінен быў у мяне пераначаваць. І калі ў дзверы пазванілі, то я падумаў, што гэта ён прыйшоў. Адчыніыў не гледзячы, хто там і што. Ну, а за дзвярыма натоўп людзей, усё ў чорным. Двое панятых. Дасталі пасведчанні свае чырвоныя, паказалі. КДБ. Паказалі пастанову, ператрус правялі. Гадзіну, можа больш, ён доўжыўся. Забралі ўсе матэрыялы БХД, флэшкі.

- І што далей было, пасля ператрусу?

- Мне сказалі апрануцца цяплей. Я пытаю: «Куды?». «З намі», — кажуць. Надзелі кайданкі, пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі чамусьці ў Наваполацк. Завялі ў кабінет, хутка аформілі і адразу ў Менск павезлі. Спяшаліся.

- Вось так адразу? Нічога Вам не тлумачылі?

- Не. Спыталі толькі, ці не паслабіць мне кайданкі. Маўляў, я потым у пракуратуру скаргу напішу.

- Што з Вамі адбывалася ў сталіцы?

- У Менску было сур'ёзна: вялікая брама, сур'ёзны кантроль. З аўто мяне вывелі і пацягнулі кудысьці наверх. І на 2-м ці 3-м паверсе я раптам заўважыў Андрэя Гайдукова (іншы затрыманы). Мне нельга было паварочваць галаву, але пад вострым кутом я яго бачыў. Думаю, гэта быў Гайдукоў. Затым мяне адвялі да следчага, і там ужо мы размаўлялі аб маёй справе, быў допыт.

- Калі Вас адпусцілі?

- Пасля допыту. Узялі і адпусцілі. Я выйшаў, трохі ведаю Менск, таму зарыентаваўся хутка. Злавіў таксі да МКАД. Добра, што трохі грошай узяў з дому. Адтуль даехаў спадарожнымі фурамі да Наваполацка. Яшчэ на працу паспеў (Ілля працуе ў ЖКГ). Начальнік пытае: «Што з табой, чаму так выглядаеш?». Я распавёў. А як каву сеў піць, так двое ў цывільным прыйшлі ператрус праводзіць.

- Як думаеце, чаму Вас адпусцілі пад падпіску, а Гайдукова — не?

- Думаю, што не магу распавядаць пра гэта. Я даваў падпіску пра невыдаванне матэрыялаў справы. А калі пачну выказваць свае меркаванні, то трэба будзе паведаміць пра некаторыя акалічнасці.

Ілля Багданаў — актывіст аргкамітэта БХД з Полацку. 9-га лістапада быў затрыманы ва ўласнай кватэры супрацоўнікамі КДБ. Пасля допыту ў Менску адпушчаны пад падпіску аб невыдаванні. Падазраецца ва ўчыненні злачынства паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі (здрада дзяржаве).

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках