26 снежня 2024, Чацвер, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Выехаць з Масквы дапамагала ў тым ліку і адміністрацыя прэзідэнта Расіі

56
Наталля Радзіна: Выехаць з Масквы дапамагала ў тым ліку і адміністрацыя прэзідэнта Расіі

Беларускія СМІ вярнуліся да тэмы ўцёкаў галоўнага рэдактара charter97.org з Беларусі праз Расею.

Нагодай для гэтага стаў артыкул у французскай газеце Le Monde, у якой гаварылася, што пакінуць расейскую сталіцу Наталлі Радзінай дапамог у той час першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Уладзіслаў Суркоў.

Журналісты «Нашай Нiвы» звязаліся з журналісткай і спыталі, якім чынам атрымалася звярнуцца да яго па дапамогу.

«За мяне прасіла расейская праваабаронца Святлана Ганнушкіна», - адказала Наталля Радзіна. Журналістка нагадала, што на тэрыторыю Расеі яна патрапіла нелегальна, без дакументаў. Наталля знаходзілася пад следствам КДБ у справе пра так званыя «масавыя беспарадкі». Адпаведна, проста так з'ехаць з Расеі не магла.

У офісе ААН у справах уцекачоў і ў пасольстве Нідэрландаў Наталлі Радзінай выдалі часавыя праязныя дакументы, але на іх трэба было паставіць расейскую выязную візу.

«Пасля чатырох месяцаў афармлення статусу ўцекача праз ААН узнікла пытанне пра расейскую выязную візу, - распавяла журналістка. - У ААН мне сказалі, што трэба ісці ў Федэральную міграцыйную службу (ФМС), але мяне могуць арыштаваць, бо я знаходжуся ў вышуку. Тады Святлана Ганнушкіна звярнулася да Уладзіслава Суркова пасля сустрэчы праваабаронцы з Дзмітрыем Мядзведзевым. Да гэтага моманту маё пытанне ўжо было вырашанае на ўзроўні ААН, Еўразвязу, Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША і шэрагу краін, якія пагадзіліся мяне прыняць. Адміністрацыя прэзідэнта Расеі дала згоду на тое, каб мяне адпусцілі з краіны, а ФМС выдала мне выязную візу. Мяркую, што Суркоў прыняў гэтую пастанову праз тое, што кіраўніцтва РФ апынулася паміж двух агнёў: або канфліктаваць з Лукашэнкам, або канфліктаваць з усім светам».

«Радыё Свабода» папрасіла расейскую праваабаронцу распавесці, якім чынам Уладзіслаў Суркоў пагадзіўся дапамагчы выезду рэдактара апазіцыйнага сайта.

«Наташа прыехала ў Расею без дакументаў. Гэта праўда. Ёй удалося атрымаць тут пасведчанне асобы. Яно не расейскае. Адна з прыязных краін пагадзілася выдаць ёй пасведчанне. Для выезду ёй патрэбная была транзітная віза, якая б тлумачыла яе знаходжанне ў Расеі.

Была сустрэча з прэзідэнтам, на якой я распавядала пра нашыя справы на Каўказе. Пасля яе я падышла да Уладзіслава Суркова і спыталася, ці будзе зацікаўленая Расія ў тым, каб журналістка з прыязнай краіны, якая відавочна церпіць ад рэпрэсій, звярнулася б з просьбай пра прытулак. Ён лёгка і проста зразумеў, што Расеі гэта не трэба. І Наташы далі магчымасць спакойна з'ехаць. Я мяркую, што гэты ўчынак робіць гонар Уладзіславу Суркову», - сказала Святлана Ганнушкіна.

Рэдактара сайта charter97.org Наталлю Радзіну арыштавалі 19 снежня 2010 года на пляцы Незалежнасці ў Менску. Яна стала фігуранткай справы пра «масавыя беспарадкі». Пасля выхаду з турмы КДБ журналістку адправілі ў Кобрын пад падпіску аб нявыяздзе. 30 сакавіка яна здолела таемна выехаць з Беларусі. 4 месяцы яна хавалася ў Маскве і ў жніўні 2011 года здолела выехаць у Літву, дзе атрымала палітычны прытулак.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках