15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дружбу» для Расеі заменіць БТС-2

8
«Дружбу» для Расеі заменіць БТС-2

Нафту, якую разлічвала атрымаць Беларусь, адправяць у Еўропу праз Балтыйскую трубаправодную сістэму і порт Усць-Луга.

Расейскі бок, у ходзе перамоў з Менскам, аргументуе магчымае скарачэнне паставак нафты ў Беларусь у 2013 годзе абмежаванымі тэхнічнымі магчымасцямі «Транснафты» і неабходнасцю павелічэння загрузкі Балтыйскай трубаправоднай сістэмы - 2 (БТС-2), паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца, знаёмая з ходам перамоў.

«Расейскі бок у ходзе перамоў адзначае абмежаваныя тэхнічныя магчымасці «Транснафты» па прапампоўцы нафты, а таксама звязвае баланс паставак вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь з працай нафтаправода БТС-2», - сказала крыніца, каментуючы заявы расейскіх перамоўшчыкаў аб намеры скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у 2013 годзе да 18 млн тон з балансавых 21,5 млн тон у 2012 годзе. Беларускі бок запрасіў 23 млн тон у 2013 годзе.

Паводле яго слоў, беларускі бок, на падставе ўласнай ацэнкі, канстатуе наяўнасць тэхнічнай магчымасці ў «Транснафты» па прапампоўцы ў наступным годзе ў Беларусь 23 млн тон па магістральным нафтаправодзе «Дружба». «Тэхнічныя магчымасці па пастаўцы нафты ў Беларусь будуць удакладняцца ў ходзе кансультацый паміж «Транснафтай» і «Гомельтранснафта Дружба», - сказаў суразмоўца.

Ён таксама адзначыў, што пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею з тэрыторыі Беларусі на дадзены момант не з'яўляюцца «каменем спатыкнення» ў перамовах. Паводле яго слоў, бакі сыходзяцца ў тым, што і беларускія НПЗ і, расейскія кампаніі, якія ажыццяўляюць на іх давальніцкую перапрацоўку, гатовыя пастаўляць нафтапрадукты ў РФ, каб пазбегнуць рызыкі дэфіцыту нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку РФ. Паводле яго слоў, «прысутнічае таксама разуменне, што дадзеныя пастаўкі павінны ажыццяўляцца на рынкавых умовах, не ў шкоду эканоміцы нафтаперапрацоўшчыкаў - на падставе агульнапрынятай у сусветнай практыцы формуле net-back». У сувязі з гэтым суразмоўца адзначыў, што ў лістападзе з тэрыторыі Беларусі ажыццяўляюцца актыўныя пастаўкі нафтапрадуктаў у РФ, з улікам існуючай там спрыяльнай коштавай кан'юнктуры.

Каментуючы далейшае развіццё падзей, крыніца падкрэсліла: «Перамовы па ўмовах і аб'ёмах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2013 годзе будуць працягнутыя, канчатковага рашэння яшчэ няма - пакуль ёсць толькі пратакол перамоў, якія адбыліся напярэдадні». Паводле яго слоў, чарговы раўнд адбудзецца альбо ў канцы гэтага тыдня, альбо ў пачатку наступнага.

Крыніца мяркуе, што канчаткова беларуска-расейскі баланс узаемных паставак вуглевадародаў будзе ўзгоднены на працягу двух тыдняў. Пры гэтым ён цалкам выключае пагрозу ўваходжання ў 2013 год без падпісанага бакамі нафтавага балансу. «Мы праходзілі такую сітуацыю ў 2010 годзе (у студзені 2010 года пастаўкі нафты з РФ у Беларусь адсутнічалі - ІФ) і абодва бакі разумеюць, што гэта не патрэбна ні расейскамуні, тым больш, беларускаму боку. Усё павінна быць у парадку», - мяркуе суразмоўца.

Ён таксама лічыць, што бакі прыйдуць да ўзгаднення нафтавага балансу на ўзроўні Мінэнерга РФ і віцэ-прэм'ера РФ. На яго думку, «не спатрэбіцца выносіць гэтае пытанне на вышэйшы дзяржаўны ўзровень».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках