Міністр ЖКГ: Жыроўка за месяц - як паход у краму, хіба гэта многа?
121- 21.11.2012, 13:39
Беларусаў рыхтуюць да павышэння тарыфаў у сферы ЖКГ.
Праз некалькі гадоў насельніцтва Беларусі будзе пакрываць 100% выдаткаў на аказанне камунальных паслуг. Пры дапамозе дзяржаўных СМІ міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Андрэй Шорац спрабуе растлумачыць неабходнасць такога кроку. Паводле яго слоў, сёння беларусы плацяць за «камуналку» занадта мала.
Артыкул міністра пад загалоўкам «Не такая страшная рэформа, як яе малююць» публікуе сёння «Народная газета».
«За трохпакаёвую кватэру за кастрычнік гэтага года з улікам ацяплення за паўмесяца жыроўка «пацягнула» на 220 тысяч рублёў. Хіба гэта многа за месяц? Цяпер адзін паход у краму за прадуктамі на сям'ю, якая складаецца з трох-чатырох чалавек, на пару дзён абыходзіцца ў тыя ж дзвесце, а то і трыста тысяч рублёў. Нас ужо не здзіўляюць цэннікі на прадукты харчавання, транспартныя і паштовыя паслугі, будматэрыялы, бензін і г. д, якія пастаянна змяняюцца. Мы ўспрымаем як належнае тое, што пад'езды прыбраныя, смецце вывезенае, ліфт працуе, ёсць святло, у кранах заўсёды халодная і гарачая вада , цяпло ў батарэях. І мала хто задумваецца, у колькі на самой справе абыходзяцца нам усе гэтыя жыццёвыя выгоды.
І хоць камунальнікі з усіх сіл імкнуцца знізіць сабекошт сваіх паслуг (за дзевяць месяцаў бягучага года выдаткі на іх аказанне зніжаны на 10,6 адсотка), зэканоміць, дзе толькі магчыма (але не за кошт зніжэння якасці паслуг), усё ж укласціся ў існуючыя на сённяшні дзень тарыфы проста нерэальна. Бо львіная доля выдаткаў самога ЖКГ прыпадае на энергарэсурсы, кошты на якія растуць значна хутчэй, чым тарыфы для насельніцтва.
Вось толькі некалькі лічбаў: за адзін кубічны метр вады мы пакрываем толькі 22,7 адсотка выдаткаў, за тэхнічнае абслугоўванне аднаго квадратнага метра жылля - 22,1 адсотка, за 1 кВт/г электрычнай энергіі - 31,5 адсотка і за кубаметр газу - 30,2 адсотка.
Гістарычна так склалася, што мы плацім за камунальныя паслугі значна менш, чым яны каштуюць у рэальнасці. Да 1990-х гадоў усё жыллё было дзяржаўным, і дзяржава несла асноўны цяжар па ўтрыманні кватэр і дамоў у цэлым. Цяпер жа больш за 86 адсоткаў кватэр пасля прыватызацыі перайшлі ў асабістую ўласнасць грамадзян. І зараз мы можам распараджацца нерухомасцю па сваім меркаванні: мяняць, прадаваць, дарыць, завяшчаць і т. д. Аднак дзяржава па-ранейшаму траціць трыльёны рублёў, кампенсуючы большую частку выдаткаў на ўтрыманне і абслугоўванне нашай уласнасці. З іншага боку, чалавек, які пабудаваў дом у вёсцы або горадзе, утрымлівае яго цалкам за свой кошт: ацяпляе, рамантуе, добраўпарадкоўвае, прыбірае, падводзіць ваду, газ, тэлефон, прычым па існуючых рынкавых коштах», - піша міністр ЖКГ.