25 снежня 2024, Серада, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гжэгаж Схетына: Санкцыі супраць Лукашэнкі неабходныя

23
Гжэгаж Схетына: Санкцыі супраць Лукашэнкі неабходныя

Кіраўніцтва Польшчы мае намер дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў.

Былы маршалак польскага Сейма, экс-выконваючы абавязкі прэзідэнта Польшчы, а цяпер старшыня парламенцкай Камісіі замежных спраў Гжэгаж Схетына даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту charter97.org.

- У 80-я гады мінулага стагоддзя вы былі дзеячам антыкамуністычнай апазіцыі і актывістам «Незалежнага саюзу студэнтаў». Што агульнага тая сітуацыя мае з сітуацыяй у лукашэнкаўскай Беларусі пасля 19 снежня 2010 года?

- Сітуацыі розныя. Сёння Еўропа ў асноўным складаецца з дэмакратычных, свабодных дзяржаў, а Беларусь на кантыненце з'яўляецца выключэннем. У часы ж «Салідарнасці» Польшча выключэннем не была. Яна, як і астатнія камуністычныя краіны, не была незалежнай. І палякі змагаліся не толькі за свабоду сваёй краіны, але і за перамогу дэмакратыі ва ўсіх краінах сацыялістычнага лагера. Крушэнне Савецкага Саюза здавалася калісьці немагчымым, але ўсё ж гэта адбылося.

- Але ж у Польшчы быў і моцны ўплыў касцёла. Акрамя таго, дзейнічаў урад у эміграцыі.

- Так. Урад у эміграцыі быў сімвалам працягу ўлады 2-й Рэчы Паспалітай. І, вядома, яго дзейнасць для Польшчы была вельмі важнай. Касцёл ніколі не з'яўляўся палітычным інстытутам, аднак ён змагаўся за чалавечыя каштоўнасці, за правы чалавека. І гэта надавала сіл апазіцыі і ўсім разумным грамадзянам. А яшчэ быў Ян Павел ІІ, чалавек, які заклікаў палякаў не баяцца.

- У Беларусі, на ваш погляд, такой сілы не хапае?

- Пакуль такой сілы, якая змагла б стаць сімвалам свабоднай і незалежнай Беларусі, няма. У апошніх прэзідэнцкіх выбарах удзельнічала некалькі кандыдатаў ад апазіцыі, кожны ішоў за сябе. Аднак цяжка ўявіць, што ці хто мог бы гэтых людзей элементарна аб'яднаць. Мне здавалася, што такім сімвалам мог бы стаць Алесь Бяляцкі. Ён не палітык, але заўсёды быў прыстойным чалавекам і адказным за краіну і за людзей, якім ён дапамагаў.

- Дарэчы, Сейм Польшчы ў гэтым годзе падтрымаў вылучэнне Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру. Ці расчаравала вас рашэнне Нобелеўскага камітэта?

- Расчаравала, і я гэтага не хаваю. Узнагароду нечакана для мяне атрымаў Еўрапейскі Звяз. Аднак, трэба мець цярпенне. Лех Валенса таксама не атрымаў Нобелеўскую Прэмію адразу пасля ўвядзення ў Польшчы ваеннага становішча, а праз год. Магчыма, гэтая ж гісторыя паўторыцца з Бяляцкім. Па крайняй меры мы будзем старацца, каб у наступным годзе ён стаў лаўрэатам. Алесь годны гэтай узнагароды.

- На ваш погляд, які метад барацьбы з рэжымам Лукашэнкі найбольш эфектыўны? Што мог бы зрабіць Захад, каб нарэшце перамагчы дыктатара?

- Неабходна пашыраць візавыя санкцыі, каб тыя, хто падтрымлівае рэжым, адчулі іх на ўласнай шкуры. Многія з тых людзей, якіх можна назваць «апорай рэжыму», да гэтага часу ездзяць катацца на лыжах у Швейцарыю, праводзяць адпачынак на Блакітным узбярэжжы. Трэба падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, запрашаць моладзь для ўдзелу ў розных еўрапейскіх праектах. Інвеставаць трэба, перш за ўсё, у маладое пакаленне, і не толькі ў моладзь з гарадоў, але і з сельскай мясцовасці.

- Уезд у Еўразвяз забаронены больш, чым 200 беларускім чыноўнікам. Але гэта не замінае рэжыму «закручваць гайкі» мацней. Вам не здаецца, што больш эфектыўнай мерай стала б, напрыклад, эмбарга на пастаўку з Беларусі ў ЕЗ нафтапрадуктаў і іншыя менавіта эканамічныя санкцыі?

- Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі неабходныя. Я не думаю, што эканамічныя санкцыі штурхнуць Беларусь у абдымкі Расеі. Наадварот, Лукашэнка ўсё больш ізалюецца ад знешняга свету, і гэтая ізаляцыя можа працягвацца дзесяцігоддзямі. Як рэжым Фідэля Кастра. Такія краіны як Беларусь, Іран, Венесуэла, Куба ўсім даюць зразумець, што яны не імкнуцца да дэмакратыі, і за гэта іх варта караць.

- На прэзідэнцкіх выбарах у ЗША зноў перамаглі дэмакраты ў асобе Барака Абамы. Ці магчыма, што палітыка Злучаных Штатаў у адносінах да Беларусі стане больш жорсткай?

- Разам з прэзідэнтам Браніславам Камароўскім мы сустракаліся з Баракам Абамай і ў размове з ім уздымалі тэму Беларусі. Я быў здзіўлены тым, наколькі добра Абама дасведчаны аб беларускай сітуацыі. Ён выдатна памятае імёны апазіцыянераў і палітычных зняволеных. Прэзідэнт ЗША заўсёды з'яўляўся і з'яўляецца прыхільнікам дэмакратыі і свабоды ў свеце. І я ўпэўнены, што калі ён думае пра Усходнюю Еўропу, ён думае пра Беларусь.

- Улетку 2010 года, калі Браніслаў Камароўскі быў ужо абраны прэзідэнтам, але яшчэ не ўступіў у пасаду, вы на працягу месяца выконвалі ролю кіраўніка дзяржавы. Якія рашэнні за гэты час вы прынялі? Можа быць яны тычыліся Беларусі?

- Аднаго месяца было занадта мала, каб прыняць сур'ёзныя рашэнні. Але ў той час, калі я быў маршалам Сейма, я арганізаваў у Варшаве сесію парламента з удзелам беларускіх апазіцыйных палітыкаў на чале з экс-кіраўніком Беларусі Станіславам Шушкевічам. Аднак гэтага мала. Тэма Беларусі павінна абмяркоўвацца ў Брусэлі, у Страсбургу, у Вашынгтоне. І мы ў Польшчы робім усё магчымае для таго, каб пра Беларусь казалі.

- Што вы думаеце аб тым, што ў 21-м стагоддзі ў Еўропе ёсць палітычныя зняволеныя? Для чаго Лукашэнка трымае гэтых людзей за кратамі?

- Таму што Лукашэнка не церпіць людзей, якія маюць пункт гледжання, які адрозніваецца ад яго ўласнага. Вядома гэта страшна: як гэта ў 21-м стагоддзі ў Еўропе могуць быць палітычныя зняволеныя? Але, на жаль, яны ёсць. Гэта апошні атрыбут камунізму на кантыненце. Але Еўразвяз не збіраецца з гэтым мірыцца, і мы ўвесь час будзем рабіць на гэтым акцэнт. Кіраўніцтва Польшчы мае намер дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў.

- Вы неаднаразова выказваліся за перанос чэмпіянату свету па хакеі-2014 з Беларусі ў іншую краіну. Пакуль шанцаў на гэта мала. Ці можа сітуацыя змяніцца?

- Я асабіста звяртаўся ў Міжнародную федэрацыю хакея з просьбай перанесці чэмпіянат. Але, на жаль, на гэты конт у іх іншае меркаванне. Гэта спартыўная арганізацыя, а не палітычная. Аднак у правядзенні чэмпіянату свету ў Беларусі можна знайсці і пазітыўныя бакі: гэтым могуць скарыстацца журналісты і распавесці свету пра адсутнасць тут дэмакратыі, пра палітвязняў. Гэта шанец, каб яшчэ раз на ўвесь свет заявіць аб праблемах Беларусі.

- Пэўны час таму вы з'яўляліся ўладальнікам баскетбольнага клуба «Сленск» з Уроцлава. Чым для вас з'яўляецца спорт? Ці можа спорт дапамагчы ў палітыцы?

- Я сам гуляў у футбол і ў баскетбол. Спорт фарміруе і гартуе характар. Дзякуючы спорту разумееш, што ў жыцці ўсяго можна дамагчыся. Галоўнае - шмат працаваць. Спорт дапамагае навучыцца паважаць не толькі сябе і сваіх калег, але і супернікаў. У маім уяўленні спорт - гэта ўзаемадзеянне членаў каманды. У палітыцы тое ж самае: усё трэба рабіць і вырашаць разам. Так нашмат лягчэй выйграваць.

- Вы з'яўляецеся адным з заснавальнікаў радыё «ESKA» ва Уроцлаве. Як у адным чалавеку ўжываецца любоў да палітыкі, спорту і сродкаў масавай інфармацыі?

- Любоў да незалежных СМІ ў мяне з'явілася яшчэ ў часы камунізму, калі мы падпольна друкавалі газеты, кнігі. А потым дыктатура пала, і мы вырашылі, што трэба дзейнічаць: на тэлеканал грошай не хапіла, затое адкрылі радыёстанцыю. У гады камуністычнай дыктатуры пра гэта можна было толькі марыць.

Даведка charter97.org:

Гжэгаж Схетына - польскі палітык, прадпрымальнік і былы дзеяч антыкамуністычнай апазіцыі.

З лістапада 2007 па кастрычнік 2009 года займаў пасады міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі і адначасова намесніка прэм'ер-міністра ва ўрадзе Дональда Туска. Праз два дні пасля адстаўкі быў абраны старшынёй парламенцкай фракцыі «Грамадзянскай платформы».

У ліпені 2010 года Схетына быў вылучаны кандыдатам ад «Грамадзянскай платформы» на пост маршала Сейма, адначасова выконваючы абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча.

Па выніках парламенцкіх выбараў 2011 года пяты раз запар Схетына быў абраны дэпутатам Сейма. 17 лістапада 2011 года заняў пасаду старшыні парламенцкай Камісіі замежных спраў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках