24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Studio Total абяцае «займальныя вясну і лета»

14
Studio Total абяцае «займальныя вясну і лета»

Шведская піяр-кампанія Studio Total, якая арганізавала ў ліпені гэтага года «плюшавае бамбаванне» Беларусі, абяцае «займальныя вясну і лета».

«Мы не можам каментаваць будучыя кампаніі. Цяпер мы працуем над тым, каб вярнуць грошы, якія былі выдаткаваныя на «плюшавы дэсант». Але магу сказаць, што нас чакаюць займальныя вясна і лета», - паведаміў БелаПАН заснавальнік Studio Total Пер Кромвел.

За арганізацыю «плюшавага бамбавання» Беларусі шведская піяр-кампанія на днях ганаравалася прэстыжнай прэміі Epica Awards - ёй прысуджана золата ў намінацыі Public Relations.

Як сцвярджае Кромвел, ніхто са Studio Total не чакаў такога прызнання, прэмія стала для іх «сапраўдным сюрпрызам». Цэрымонія ўзнагароджання Epica Awards адбудзецца ў студзені, і Studio Total мае намер выкарыстоўваць гэта мерапрыемства для «факусоўкі на героях, якія змагаюцца за свабоду ў Беларусі», заявіў заснавальнік кампаніі.

«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. Ранняй вясной актывіст з Беларусі быў арыштаваны за тое, што выставіў некалькі плюшавых цацак з цыдулкамі з патрабаваннямі свабоды слова. Пазней з намі звязалася група праваабаронцаў. Яны хацелі, каб мы прыцягнулі сусветную ўвагу да злачынстваў у Беларусі . Мы вырашылі зрабіць міжнароднае шоў у падтрымку дэманстрацыі плюшавых цацак і скінулі з самалёта на Менск 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі з патрабаваннямі свабоды слова», - гаворыцца ў каментары Studio Total, размешчаным на сайце Epica Awards.

Мэта Epica Awards - «распаўсюджваць найвышэйшыя стандарты крэатыўнасці і дапамагаць прадстаўнікам рэкламнай галіны стварыць рэпутацыю ў Еўропе». Узнагароды прысуджаюць прадстаўнікі спецыялізаванай прэсы. У гэтым годзе журы Epica Awards складаецца з прадстаўнікоў 35 спецыялізаваных часопісаў з 28 краін.

Нагадаем, аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ускраінай Менска больш за 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Нягледзячы на тое, што ваенныя і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па дадзеным факце была ўзбуджаная крымінальная справа. 13 ліпеня ў рамках расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома аб затрыманні рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё.

31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-майора Зміцера Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, пасля чаго выбухнуў беларуска-шведскі дыпламатычны скандал.

9 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што канфлікт вакол амбасадара Швецыі і інцыдэнт з незаконным палётам над Беларуссю шведскага самалёта ніяк не звязаныя.

17 жніўня КДБ змяніў Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках