26 снежня 2024, Чацвер, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафсаюз работнікаў лесу адказаў Лукашэнке

31
Прафсаюз работнікаў лесу адказаў Лукашэнке

У рэспубліканскім камітэце Беларускага прафсаюза работнікаў лесу падкрэсліваюць, што работнікі прадпрыемстваў, якія працуюць на падставе працоўнай дамовы, могуць звольніцца ў любы момант.

«У Беларусі дзейнічае Працоўны кодэкс, яго ніхто не адмяняў. У адпаведнасці з ім, работнік, які працуе на падставе працоўнай дамовы, можа ў любы момант падаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні і па заканчэнні пакладзенага тэрміна быць звольненым. Ніякай згоды кіраўніка прадпрыемства для гэтага не трэба», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік рэспубліканскага камітэта.

Такім чынам ён пракаментаваў выказванні Аляксандра Лукашэнкі аб кадравай палітыцы на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах рэспублікі, зробленыя ім падчас наведвання ў пятніцу ААТ «Барысаўдрэў». Так, беларускі кіраўнік даручыў падрыхтаваць праект дзяржаўнага рашэння, у адпаведнасці з якім прапануецца забараніць работнікам прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі звальняцца без дазволу кіраўніка, да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі гэтых прадпрыемстваў.

«Можа быць, гэта няправільная трактоўка выказванняў прэзідэнта або памылка?» - выказаў меркаванне суразмоўца агенцтва, выказаўшы здзіўленне ў сувязі з такой нарматворчай ініцыятывай.

Ён падкрэсліў, што забараніць звальненне работнікам, у адпаведнасці з Працоўным кодэксам, можна толькі ў тым выпадку, калі «чалавек працуе па кантракце».

«Сёння на «Барысаўдрэве» большасць работнікаў - кантрактнікі», - адзначыў суразмоўца агенцтва.

У той жа час ён звярнуў увагу, што на прадпрыемстве складаныя ўмовы працы, невысокая заработная плата. Так, у кастрычніку сярэдняя зарплата работнікаў складала Br2,6 млн, у лістападзе зарплата была павялічана на 20%.

«Увогуле на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі высокая цякучасць кадраў, гэта звязана з умовамі працы і ўзроўнем зарплаты. Прычым, на прадпрыемствах, якія размешчаны паблізу ад Менска ці абласных цэнтраў, цякучасць вышэй. У маленькіх гарадах людзі абмежаваныя ў выбары месца працы», - адзначыў прадстаўнік прафсаюза .

Ён таксама паведаміў, што ў цяперашні час большасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі завяршаюць рэалізацыю інвестпраектаў па мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчых магутнасцей. «Гэта самы складаны этап, калі патрабуюцца вялікія працоўныя выдаткі. Увогуле, можна зразумець, што людзі не хочуць укладвацца, калі ўмовы працы цяжкія, а зарплата пакідае жадаць лепшага», - сказаў суразмоўца агенцтва.

У той жа час ён падкрэсліў, што работнікам дамоўнай формы права на звальненне гарантавана Працоўным кодэксам.

«Не думаю, што ў выпадку, калі будзе прынятая такая забарона, узнікнуць масавыя забастоўкі ці іншыя крызісныя сітуацыі. Людзі будуць пісаць скаргі, вядома. Але да судовых пазоваў не дойдзе: кіраўнікі прадпрыемстваў будуць адпускаць работнікаў, каб не даводзіць справу да суда», - сказаў прадстаўнік рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках