ЗША патрабуюць экстрадыцыі сына Бакіева з Лондана
23- 30.11.2012, 21:59
Вашынгтон просіць Лондан выдаць Максіма Бакіева, якога абвінавачваюць у ЗША у шэрагу злачынстваў.
Пра гэта заявіла ў пятніцу намесніца дзяржсакратара ЗША ў палітычных пытаннях Вэндзі Шэрман ў Кыргызстане, паведамляе «Інтэрфакс».
«Працэс экстрадыцыі вельмі працяглы. Калі Максім Бакіеў трапіць з якіх-небудзь прычын на тэрыторыю ЗША, ён паўстане перад судом. Дэпартамент юстыцыі будзе кантраляваць гэты працэс», - патлумачыла намесніца дзяржсакратара.
Малодшы сын Курманбека Бакіева быў затрыманы ў Лондане 12 кастрычніка на запыты кыргызскай і амерыканскай старон. У ЗША Максім Бакіеў абвінавачваецца ў змове з мэтай учынення махлярства з каштоўнымі паперамі і ў перашкодах ажыццяўленню правасуддзя. Суд Лондана вызваліў сына экс-прэзідэнта пад заклад, слуханні аб ягонай экстрадыцыі ў ЗША прызначаныя на 7 снежня.
У Кыргызстане Максім Бакіеў абвешчаны ў міжнародны вышук паводле абвінавачвання ў цяжкіх эканамічных злачынствах і карупцыі. Да змены ўлады ў рэспубліцы ў красавіку 2010 года ён узначальваў Цэнтральнае агенцтва развіцця, інвестыцый і інавацый. Меркавалася, што ён кантраляваў усе фінансавыя плыні Кыргызстану і прыбытковыя сферы эканомікі.