Саннікаў заклікаў «Міжнародную амністыю» больш актыўна змагацца за палітвязняў
20- 11.12.2012, 16:02
Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» наведаў цэнтральны офіс праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя».
У Міжнародны дзень правоў чалавека, 10 снежня, былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў абмеркаваў з праваабаронцамі становішча беларускіх палітвязняў, распавёў пра асабліва цяжкія сітуацыі Мікалая Статкевіча, Зміцера Дашкевіча, Мікалая Дзядка, Мікалая Аўтуховіча, якія ўтрымліваюцца ў крытых турмах у поўнай ізаляцыі і невыносных умовах .
Палітык распавёў і пра свой турэмны вопыт.
«Інфармацыя, якую перадаў нам Андрэй Саннікаў вельмі важная для нашай працы. Прычым не толькі ў сферы свабоды сходаў, але і ў сферы правоў зняволеных. Гэтая інфармацыя будзе выкарыстаная для больш эфектыўнай працы нашай арганізацыі.
Андрэй Саннікаў таксама прыняў удзел у Марафоне салідарнасці, які праводзяць нашы актывісты па ўсім свеце, падпісаўшы петыцыю ў падтрымку змагароў за свабоду і правы чалавека з розных краін», - распавяла Хезер МакГіл, даследчык «Amnesty International» па Беларусі.

