23 снежня 2024, панядзелак, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гайдукоў: «Думайце пра сябе, пра мяне не турбуйцеся»

10
Гайдукоў: «Думайце пра сябе, пра мяне не турбуйцеся»

Ад наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова, арыштаванага па абвінавачванні ў шпіянажы, родныя атрымалі тры лісты адразу.

Пра гэта «Салідарнасці» паведаміла маці актывіста, Вольга Пятроўна.

- У адным канверце прыйшло адразу тры лісты - мне, мужу і дачцэ, - распавяла суразмоўца. - Лісты датаваныя 6 снежня. Наогул, з таго часу, як Андрэя перавезлі ў СІЗА ў Віцебск, карэспандэнцыя ад яго прыходзіць стабільна.

Гайдукоў просіць, каб за яго не турбаваліся:

- «Думайце пра сябе, пра мяне не турбуйцеся». Як-быццам ён у санаторыі знаходзіцца, - уздыхае мама Гайдукова. - Нейкім цудам да яго трапіў стары, яшчэ за лістапад, нумар «Белгазеты», дзе было надрукаванае інтэрв'ю з Жэняй Канстанцінавым. Так ён просіць цяпер дасылаць яму пабольш прэсы.

Вольга Пятроўна рыхтуе сыну чарговую перадачу:

- Праз адваката сын прасіў перадаць яму наручны гадзіннік і тэлевізар, вось я і павязу, напэўна, у наступны аўторак, новую перадачу. З прадуктаў просіць цукар і сала. З «Нафтана» Андрэю прыйшоў традыцыйны навагодні падарунак - прысмакі. Зараз будзем па цукерцы вылушчваць - у абгортцы нельга. Хай будзе не так прыгожа, затое шмат прысмакаў сыну перададзім. Добра, што з панядзелка я выходжу на пенсію, так што змагу наведваць Віцебск часцей. Хоць на працы ўсе калегі і сябры ставяцца да нашай сітуацыі з разуменнем, нават грашыма дапамагалі.

Вольга Гайдукова спадзяецца на лепшае: «Не буду загадваць, але адвакат лічыць, што шанцы ў Андрэя добрыя».

У лісце арыштаваны актывіст перадае прывітанне свайму таварышу, кіраўніку наваполацкай незарэгістраванай грамадскай арганізацыі «Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўгену Канстанцінаву.

- Андрэй спадзяецца выйсці да Новага года і піша, што гэта будзе для яго лепшым падарункам, - сказаў у пятніцу Канстанцінаў.

Нагадаем, 23-гадовага аператара наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» абвінавачваюць па крымінальным артыкуле «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасці».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, хлопца затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Гэтае абвінавачванне многія лічаць бессэнсоўным. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася аб тым, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Праваабаронцы пераслед Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках