24 снежня 2024, aўторак, 20:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ежы Памяноўскі: «Гэта не спаборніцтва, а салідарнасць»

3
Ежы Памяноўскі: «Гэта не спаборніцтва, а салідарнасць»

«Варшаўскі дыялог у падтрымку дэмакратыі» - канферэнцыя пад такой назвай прайшла ў Варшаве.

Гэта першая з цыклу канферэнцый, мэта якіх аб'яднаць актывістаў, прадстаўнікоў аналітычных цэнтраў, няўрадавых і міжнародных арганізацый і іншых удзельнікаў дэмакратычнага працэсу, перш за ўсё ў краінах Еўрапейскага суседства. Як адзначыў пры адкрыцці мерапрыемства Кшыштаф Алендзскі, амбасадар Міністэрства замежных спраў Польшчы, канферэнцыя павінна даць адказы на пытанні, якія з'явіліся ў апошні час, а таксама даць магчымасць пагаварыць аб стварэнні Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі:

- «Варшаўскі дыялог у падтрымку дэмакратыі» павінен стаць пэўнай асновай для Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі. Задачай гэтага фонду будзе фінансаванне, падтрымка дзеянняў, якія будуць спрыяць дэмакратычнай трансфармацыі ў краінах Еўрапейскага суседства.

Удзел у дэбатах прымаюць прадстаўнікі з 18 палітычных школ, якія ўзніклі ў краінах еўрапейскага суседства: у Паўночнай Афрыцы, на Блізкім Усходзе, на Балканах, у краінах Усходняга партнёрства і ў Расеі. Арганізатарамі канферэнцыі з'яўляюцца Міністэрства замежных спраў Польшчы і Інстытут нацыянальнай памяці.

У інтэрв'ю charter97.org намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі адзначыў:

- «Варшаўскі дыялог у падтрымку дэмакратыі» - гэта новая ініцыятыва, якую мы вырашылі заснаваць. Гэта канферэнцыя - платформа для размовы аб тым, што мы можам разам зрабіць для паляпшэння дэмакратыі ў свеце. Гэта размова, у якой няма пэўных бакоў, калі хтосьці камусьці тлумачыць. Гэта дыялог, у якім мы хочам адзін аднаго пачуць і хочам распавесці адзін аднаму аб сваім меркаванні і аб сваім вопыце.

Варшава - вельмі добрае месца для таго, каб такі дыялог праводзіць. Сюды прыехалі людзі з Усходняй Еўропы, Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу, з іншых краін. Амаль 40 дзяржаў прадстаўлены сярод удзельнікаў. Я думаю, што гэта цяпер ужо становіцца вельмі добрым прыкладам, прыкладна такім, як заснаванне ў Польшчы «Супольнасці дэмакратый» у 2000 годзе дзякуючы прафесару Герэмеку. Потым была нашая прапанова «European Endowment for Democracy», цяпер - гэтая канферэнцыя, якая будзе пастаянным мерапрыемствам. Усё гэта вызначае тое, што мы хацелі б сказаць свету: што Польшча - гэта краіна, для якой дэмакратыя і правы чалавека вельмі важныя, гэта прадмет нашых міжнародных узаемаадносін.

Акрамя пабудовы польскага брэнда як прамоўтэра дэмакратыі, для нас таксама важна, каб галасы людзей, якія цяпер змагаюцца за правы чалавека і дэмакратыю, былі пачутыя. Гэта вельмі важна, таму што яны даюць нам сігналы са свайго боку, але не заўсёды слухаюць адзін аднаго. Таксама вельмі важна, каб усе яны маглі пераняць вопыт. Паміж Тунісам і Украінай, паміж Беларуссю і Сірыяй, паміж Малдовай і Егіптам ёсць шмат агульных поглядаў, і абмен вопытам можа палегчыць іх працу. Гэта мы таксама імкнемся ажыццявіць.

У канферэнцыі ўдзельнічаюць шмат беларусаў. Гэта натуральна, таму што Беларусь наш сусед. Так што, вядома, для беларускіх дзеячаў гэтая канферэнцыя і будучыя канферэнцыі «Варшаўскага дыялогу ў падтрымку дэмакратыі» адкрытыя, і мы іх заўсёды запрашаем.

Адказваючы на рэмарку пра тое, што Польшча сёння дапамагае беларускім дэмакратычным сілам больш актыўна, чым іншыя краіны ЕЗ, Ежы Памяноўскі сказаў: «Мы дапамагаем так, як мы ўмеем і наколькі мы можам. Гэта не спаборніцтва, гэта салідарнасць».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках