24 снежня 2024, aўторак, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў у The Times: Вызваліць вязняў апошняга дыктатара Еўропы

28
Саннікаў у The Times: Вызваліць вязняў апошняга дыктатара Еўропы

Артыкул лідэра «Еўрапейскай Беларусі» 19 снежня апублікавала брытанская газета The Times.

Прыводзім яго тэкст цалкам (пераклад charter97.org).

Роўна два гады таму разам з дзесяткамі тысяч маіх суайчыннікаў-беларусаў у Менску я патрабаваў павагі нашых правоў, у першую чаргу - нашага права выбіраць свой урад. У той дзень я быў кандыдатам у прэзідэнты на «выбарах» і супрацьстаяў Аляксандру Лукашэнку, шырока вядомаму як апошні дыктатар Еўропы.

Сутыкнуўшыся з такім жа масавым негвалтоўным пратэстам, як і тыя, якія прывялі да падзення многіх дэспатаў у гэтым стагоддзі, рэжым адказаў адразу ж. Як у сцэне з еўрапейскага мінулага міліцыя напала на мірных дэманстрантаў. Я быў жорстка збіты. Сотні людзей, у тым ліку мая жонка і іншыя кандыдаты ў прэзідэнты былі арыштаваныя.

Мяне кінулі ў «амерыканку» - сумна вядомую турму сакрэтнай службы, якая па-ранейшаму завецца КДБ. Міліцыя пашкодзіла мне нагу, але турэмшчыкі не аказвалі медыцынскай дапамогі. Мой фізічны стан пагаршаўся з-за зневажальных ператрусаў з распрананнем, якія праходзілі ў халодных камерах. Ціск працягваўся, мяне кідалі з турмы ў турму для таго, каб ізаляваць ад знешняга свету.

Хоць большасць дэманстрантаў былі вызваленыя на працягу некалькіх тыдняў, некаторым з нас, у асноўным журналістам, актывістам і апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты, былі прад'яўленыя абвінавачванні ў падбухторванні да беспарадкаў або ўдзелу ў іх. За ажыццяўленне сваіх правоў я быў прысуджаны да пяці гадоў турэмнага зняволення. У красавіку гэтага года, пасля 16 месяцаў турмы, быў вызвалены і вымушаны прасіць палітычнага прытулку ў Велікабрытаніі.

Мая жонка, журналістка Ірына Халіп, атрымала тэрмін у выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Нягледзячы на заявы Лукашэнкі аб тым, што яна можа свабодна прыехаць да мяне, міліцыя па-ранейшаму не дазваляе ёй з нашым сынам выехаць з Менска. У дачыненні да яе дзейнічае каменданцкая гадзіна, да яе рэгулярна позна ўначы прыходзяць супрацоўнікі праваахоўных органаў, што палохае нашага сына.

Улады Беларусі працягваюць утрымліваць палітзняволеных, у тым ліку праваабаронцу Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, які ўжо адбыў два гады турэмнага зняволення з шасцігадовага тэрміну, які яму далі за ўдзел у дэманстрацыі пасля выбараў, і моладзевага лідэра Зміцера Дашкевіча. Гэтыя адважныя людзі - толькі некаторыя з 14 палітычных зняволеных у Беларусі, якіх сёння трымаюць у невыносных умовах за кратамі.

Пасля жорсткага разгону дэманстрацыі 2010 года ў дачыненні да рэжыму былі ўведзеныя мяккія санкцыі, але гэтага недастаткова. Сёння, праз два гады пасля гэтага зверства, я заклікаю нашых суайчыннікаў-еўрапейцаў рабіць усё, што неабходна для таго, каб дамагчыся вызвалення вязняў сумлення. Падобная жорсткая дыктатура ў Еўропе - ганьба для ўсяго дэмакратычнага свету. Беларусы заслугоўваюць лепшага. Нам патрэбная ваша дапамога і салідарнасць.

Андрэй Саннікаў - апазіцыйны беларускі палітык і былы дыпламат.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках