25 снежня 2024, Серада, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Адамовіч: «Беларуская ўлада разумее толькі сілу»

5

У Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя былых беларускіх палітвязняў і жонкі Мікалая Статкевіча.

У прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве, прынялі ўдзел дэпутат Еўрапарламента, сябра дэлегацыі ЕП у справах Беларусі Марэк Мігальскі, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, былыя палітвязні - каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка і Аляксандр Атрошчанкаў, рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Распачынаючы прэс-канферэнцыю, дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі заявіў:

«Дата сённяшняй сустрэчы не выпадковая. Сёння другая гадавіна разгону акцыі 19 снежня. Мы бачылі парыванне беларусаў да свабоды, бачылі іх на плошчах Менска ды іншых гарадоў, але пазней мы бачылі брутальнае здушэнне ўладамі гэтых пратэстаў. Спачатку надзея, потым роспач. Мы былі шакаваныя, бо дыктатар спачатку дапусціў да ўдзелу ў выбарах некалькі спаборнікаў (хаця гэта была няроўная канкурэнцыя), а потым практычна ўсіх іх арыштаваў. Нічога падобнага сучасны свет не ведаў. Гэта сумны рэкорд Беларусі ў сусветнай палітыцы.

І гэтыя два гады страчаныя для Беларусі і страчаныя для Еўропы. Мы назіраем беспаспяховыя намаганні Еўразвязу неяк дапамагчы беларускаму народу. Мы бачым шэраг параз з боку ЕЗ, які не ў змозе выпрацаваць адзіную лінію стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, не ў змозе прыйсці да адзінага меркавання. Павінны быць неадкладна вызваленыя ўсе палітвязні. Але пачынаецца нейкі незразумелы торг з Лукашэнкам на тэму, каго вызваліць, каго не. Так, некалькі палітвязняў былі вызваленыя, але мы павінны памятаць пра тое, што ў турмах у нечалавечых варунках па-ранейшаму знаходзяцца вязні сумлення».

Былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў заклікаў перш за ўсё да салідарнасці з беларускімі палітвязнямі:

«Мы ведаем, як цяжка быць палітвязням у Беларусі. Палітвязні - гэта не толькі выпрабаванне для іх сем'яў, гэта выпрабаванне для ўсёй краіны. Патрыёты і героі - гэта галоўны набытак кожнай краіны. Ніводная краіна не мае тысячы Статкевічаў, Аўтуховічаў і Дашкевічаў. Тое, як краіна абараняе сваіх палітвязняў, вызначае ейную будучыню. Выявіць салідарнасць павінен кожны. На сваім асабістым досведзе я магу сказаць, што слова «Трымайся!» ад простага чалавека значыць больш, чым дзесяткі дэкларацый Еўразвяза. Кожны можа падтрымаць палітвязня, напісаць ліст або паштоўку, практычна дапамагчы ягонай сям'і. Палітыкі павінны захоўваць прынцыповую пазіцыю і не ісці на ўгоды з сумленнем, з уладай. Правілы салідарнасці простыя, і яны ратуюць жыццё»

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч адзначыла, што беларуская ўлада «разумее толькі сілу і кансалідаваную пазіцыю»:

«Сёння акурат два гады, калі ў няволі знаходзяцца вязні сумлення. Салідарнасць дапамагла вызваліць шмат якіх удзельнікаў тых падзей, але ў зняволенні застаюцца Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, пазбаўлены волі Павел Севярынец. Але акрамя іх, ёсць яшчэ іншыя палітвязні. На сёння імі прызнаюцца 12 чалавек. На жаль, наша ўлада разумее толькі сілу і моцную кансалідаваную пазіцыю. Непашырэнне санкцый у кастрычніку гэтага года аўтаматычна пацягнула за сабой замену рэжыму на турэмны яшчэ для двух палітвязняў. Усяго з калоній у турмы пераведзеныя ўжо пяць вязняў сумлення. Учора павінен быў выйсці на волю Зміцер Дашкевіч. Ён ужо мог быць дома, але тэрмін для яго прадоўжылі. Амаль усе два тэрміны ён правёў у адзіночнай камеры, паўгода - у карцэры. Толькі міжнародная і чалавечая салідарнасць здолее спыніць гэтыя рэпрэсіі», - сказала жонка Мікалая Статкевіча.

Зміцер Бандарэнка параўнаў сітуацыю ў Беларусі з часам ваеннага становішча ў Варшаве:

«У Варшаве надоечы адзначалася гадавіна ўвядзення ваеннага становішча. 19 снежня ў Беларусі - гэта дата, якая вельмі падобная да даты 13 снежня ў Польшчы. Палякі доўгі час жылі за камуністамі, потым надышла пэўная «адліга», паўстала «Салідарнасць», але 13 снежня 1981 было ўведзенае ваеннае становішча, і з гэтага дня гісторыя Польшчы пайшла ўжо па-іншаму. Хацеў бы нагадаць, што міністры шэрагу краін Еўразвяза, у тым ліку міністр замежных спраў Польшчы, зрабілі заяву, што ў Беларусі вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, і павінен быў адбыцца другі тур. Лукашэнка не набраў і 40 адсоткаў галасоў. У другі тур павінен быў выходзіць Андрэй Саннікаў. Гэта значыць, што з 7 мільёнаў выбаршчыкаў у Беларусі як мінімум 3,5 мільёны прагаласавалі за дэмакратычных кандыдатаў.

Лукашэнка таму і пайшоў на такія жорсткія рэпрэсіі, што ведаў рэальны стан рэчаў. Сёння легальная палітычная дзейнасць у Беларусі практычна немагчымая. Ідзе дыскусія ў беларускім апазіцыйным асяроддзі, што рабіць далей. І шмат людзей кажа пра тое, што мы павінны сёння выкарыстоўваць метады, якія выкарыстоўвала польская «Салідарнасць» у 80-я гады. Спосабы падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі з боку цывілізаваных краін павінны быць падобныя да тых, што былі ў тыя часы ў Польшчы. Сёння мы назіраем лукашэнізацыю Расеі, лукашэнізацыю Украіны, адраджэнне Расейскай імперыі. Беларуская дыктатура не з'яўляецца праблемай толькі беларускага народа. Гэта сур'ёзная міжнародная праблема. Вы бачыце пасіўную пазіцыю ЕЗ у дачыненні да Беларусі. Такая ж пасіўная пазіцыі ў дачыненні да Сірыі, дзе ўжо загінулі каля 40 тысяч чалавек. У ЕЗ павінна быць новая палітыка ў дачыненні да ўсіх суседзяў».

Рэдактар charter97.org Наталля Радзіна адзначыла, што ў ЕЗ як не было, так і няма ніякай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.

«Аб наяўнасці палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі можна будзе казаць, калі будзе рэальная падтрымка дэмакратычных сіл і эканамічныя санкцыі супраць дыктатуры. Пакуль нічога гэтага няма. 19 снежня 2010 года - пераломны момант у сучаснай гісторыі Беларусі. Ніколі ў краіне не было настолькі масавых і жорсткіх рэпрэсій. Вялікая колькасць беларусаў былі вымушаныя бегчы з краіны. Сайт Хартыі-97 удзячны Польшчы, якая дапамагла нам арганізаваць працу з-за мяжы пасля тых рэпрэсій, якім мы зазналі напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў: арыштаў, ператрусаў і забойства заснавальніка сайта. Але адна Польшча не можа дапамагчы ўсёй беларускай апазіцыі. Затое яна можа мабілізаваць іншыя краіны ЕЗ на выпрацоўку стратэгіі і дапамогі Беларусі», - адзначыла журналістка.

Адказваючы на пытанне аб новай палітыцы Польшчы ў дачыненні да Беларусі, еўрадэпутат Марэк Мігальскі распавёў аб нядаўнім разглядзе Еўрапарламентам заявы што да арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага:

«Зазвычай мы з еўрапейскімі парламентарыямі ад польскай кіраўнічай партыі «Грамадзянская платформа» дзейнічаем у дачыненні да Беларусі адным фронтам. На мінулым тыдні ў парламенце мы прымалі справаздачу еўрадэпутата Леанідаса Донскіса на тэму правоў чалавека і там быў фрагмент, у якім мы выказваем заклапочанасць дзеяннямі некаторых польскіх і літоўскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да арышту Бяляцкага. Уявіце сабе, «Грамадзянская платформа» галасавала супраць гэтага. Мы з Паўлам Ковалем галасавалі за. Калі б там ішла гаворка пра тое, што асуджаецца польская дзяржава, я б яшчэ задумаўся, але гэта была толькі заклапочанасць дзеяннямі асобных чыноўнікаў. Гэта значыць, спачатку мы ў Польшчы кажам высокія фразы аб салідарнасці з беларускай апазіцыі, а потым у ЕП не падтрымліваем нават мяккую форму дэкларацыі. Гэта робіць нас смешнымі. Польшчы шкодзіць толькі тое, што польскія чыноўнікі супрацоўнічаюць з беларускай дыктатурай».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках