У Варшаве «сядзелі» за беларускіх палітвязняў
6- 19.12.2012, 21:13
У гадавіну Плошчы ў Варшаве прайшла адна з самых яскравых акцый, якую праводзілі беларускія палітуцекачы.
Яна адбылася на Замкавай плошчы польскай сталіцы, і была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь», праваабарончай арганізацыяй Amnesty International, офісам еўрадэпутата Марэка Мігальскага, а таксама роднымі палітвязняў.
Сярод удзельнікаў акцыі была жонка палітвязня экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, лідар ініцыятывы «Вызваленне» Вольга Бандарэнка, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў і ягоная жонка Дар'я Корсак, прадстаўніца офіса Марэка Мігальскага - Ганна Бяляс, судырэктар «Беларускага дома ў Варшаве» Зміцер Бародка і Алесь Зарэмбюк.
Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Зміцера Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Эдуарда Лобава і ўсіх астатніх палітвязняў, а таксама нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Таксама на плошчы была ўстаноўленая вялікая клетка, якая сімвалізавала турму. Людзі з партрэтамі палітвязняў заходзілі ў яе. Удзельнікі акцыі заявілі, што спадзяюцца, што той час, які яны праводзяць у клетцы-турме, можа дапамагчы скараціць рэальныя тэрміны зняволенняў вязняў беларускага рэжыму.
Перад удзельнікамі акцыі выступіла Марына Адамовіч. Яна сказала, што сёння вельмі важна памятаць пра палітвязняў і праяўляць салідарнасць з імі.
«Сёння ёсць небяспечная тэндэнцыя: на Захадзе спрабуюць дамовіцца з Лукашэнкам, і пры гэтым гучаць заявы аб тым, што яму трэба даць магчымасць «захаваць твар». Але як ён можа захаваць твар, калі ў турмах забіваюць палітвязняў?» - сказала Марына Адамовіч.
Таксама на плошчы быў усталяваны стол, дзе ўсе ахвотныя маглі напісаць ліст або падпісаць паштоўку для беларускіх палітвязняў.
Замкавая плошча - адно з найбольш шматлюдных месцаў польскай сталіцы, і відавочцамі акцыі сталі сотні людзей, з іх шмат хто падыходзіў да ўдзельнікаў і цікавіліся тым, што адбываецца ў Беларусі.
Акцыя прывабіла ўвагу польскіх СМІ. На ёй прысутнічалі карэспандэнты польскіх нацыянальных тэлеканалаў, радыёстанцый і газет.















