27 снежня 2024, Пятніца, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гастарбайтэры будуць пазбаўленыя правоў?

229
Гастарбайтэры будуць пазбаўленыя правоў?

Улады збіраюцца пазбавіць грамадзян, якія адправіліся на заробкі за мяжу, бясплатнай адукацыі і медыцынскай дапамогі.

Як паведамляе charter97.org, на апошняй у гэтым годзе прэс-канферэнцыі старшыня Берасцейскага аблвыканкама Канстанцін Сумар шакаваў журналістаў весткай, што ўлады снуюць планы, каб пазбавіць магчымасці грамадзян карыстацца ўстаноўленымі Канстытуцыяй правамі праз тое, што на хлеб надзённы яны зарабляюць па-за межамі Беларусі. Праўда, сам берасцейскі «губернатар» прызнаўся, што пакуль гэтую ідэю не падтрымлівае.

«Мяне некаторыя падштурхоўваюць да таго, каб паставіць у залежнасць наданне бясплатных сацыяльных паслуг дзяржавай (адукацыя, медыцынскае абслугоўванне і г. д.) ад таго, дзе працуе той ці іншы чалавек, - заявіў Сумар. - Калі ў Ганцавіцкім раёне ледзь не палова жыхароў працуюць у Расеі і, адпаведна, не плацяць падаткі ў мясцовы бюджэт, то і магчымасцяў для развіцця гэтага рэгіёну будзе значна менш. Але я кажу: нельга гэтага рабіць. Па-першае, гэта нашы людзі, як мы можам іх падзяляць? Па-другое, калі не хочуць працаваць на радзіме, значыць, ёсць, мабыць, таму прычына».

Зрэшты, зусім не факт, што «губернатар» не зменіць сваю пазіцыю ў выпадку, калі зыход рабочых кадраў прыме масавы характар. Тым больш, што адначасова Канстанцін Сумар адзначыў, што не згодны з усталяванымі сацыяльнымі стандартамі, назваўшы іх «такой жа казуістыкай, як сярэдняя тэмпература ў шпіталі».

Зрабіў «губернатар» Берасцейшчыны яшчэ некалькі заяў, з якіх вынікае, што ўлады маюць намер кантраляваць усё і ўсіх, асабліва не дазваляючы выявіцца ні прадпрымальнасці ў прадстаўнікоў малога бізнэсу, ні ініцыятыве кіраўніцтва прадпрыемстваў.

Так, у Берасці фактычна будзе ўведзены «мараторый» на будаўніцтва гіпэрмаркетаў, бо старшыня аблвыканкама ўпэўнены, што такія гандлёвыя пункты павінны з'яўляцца «у вёсках або ўздоўж дарог», аднак уладальнікі такіх аб'ектаў чамусьці «не хочуць туды ісці». Не бачыць патрэбы Сумар па-сапраўднаму развіваць і альтэрнатыўную энергетыку, угрунтаваную на ветраных устаноўках, і турызм («ён ніколі ня будзе ў нас даваць 20 ці 30% даходу ў бюджэт, як у Чэхіі»), і прыдарожны сэрвіс.

Да таго ж не мае намеру старшыня аблвыканкама ініцыяваць пытанне, каб на цэнтральныя вуліцах нашых гарадоў паступова вярталіся гістарычныя назвы альбо яны сталі называцца ў гонар заслужаных і годных беларусаў. Паводле слоў Сумара, «для мяне не важна, як будзе называцца вуліца, - Касцюшкі, Каліноўскага ці Мамантава. Галоўнае, каб яна была не ў калдобінах, а заасфальтаваная, з добрымі ходнікамі, добра асветленая ў цёмны час, каб ёй прыемна было прайсціся».

Напісаць каментар 229

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках