4 траўня 2024, Субота, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жывы шчыт» з дзетдомаўцаў: у Пуціна рука не задрыжыць

98
«Жывы шчыт» з дзетдомаўцаў: у Пуціна рука не задрыжыць

Усе крытычныя меркаванні «разнесеныя ў пух і прах: дэпутаты ўбілі сабе ў галаву, што трэба пакараць ЗША», пішуць СМІ аб забароне на ўсынаўленне дзяцей з Расеі амерыканцамі.

Назіраецца беспрэцэдэнтная бура нават у калідорах улады: супраць выступілі Сяргей Лаўроў і віцэ-прэм'ер Вольга Галадзец. Самы яркі дэмарш інтэлігенцыі - з'яўленне Хабенскага перад Пуціным са значком «Дзеці па-за палітыкай», піша inopressa.ru.

На разгляд прэзідэнта Расеі адпраўлены законапраект, які забараняе ўсынаўленне дзяцей грамадзянамі ЗША, піша The New York Times. Гэта будзе самы балючы ўдар па расейска-амерыканскім адносінам за цэлы год, багаты трэннямі, мяркуе карэспандэнт Дэвід Хершенхорн. Па законе ў Пуціна ёсць два тыдні на прыняцце рашэння па законе, ухваленым парламентам.

Хершенхорн апісвае рэакцыю ўдзельнікаў падзей. Адзін з галоўных змагароў забароны, Павел Астахаў, не выказаў спачування да пакут патэнцыйных прыёмных бацькоў. «Я лічу, што любыя замежныя ўсынаўленні - гэта дрэнна для краіны», - сказаў ён.

Журналіст Сяргей Пархоменка запярэчыў, што ўсынаўленне, калі ў ім ёсць неабходнасць, патрабуецца для выгоды дзіцяці, а не для дабра краіны.

Забарона выклікала незвычайныя нязгоды ў вярхах расейскага ўрада, а таксама гарачае абурэнне і дэбаты ў грамадстве, гаворыцца ў артыкуле. Акрамя таго, засяроджанасць на прыёмных дзецях - знак, што расейскаму ўраду нялёгка падабраць адэкватны адказ на «Закон Магніцкага».

«Дзеці не павінны быць разменнай манетай у палітыцы» - такі загаловак у рэдакцыйнага каментара Frankfurter Rundschau. Адміністрацыя ЗША нядаўна ўвяла персанальныя санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да пакутлівай смерці ў СІЗА расейскага адваката Сяргея Магніцкага, якая так і застаецца нареследаванай, - гэта адказ расейскіх уладаў, тлумачыць выданне.

Так званы «Закон Дзімы Якаўлева» глыбока раскалоў расейскае грамадства, падкрэсліваецца ў артыкуле. Занепакоенасць палажэннямі патэнцыйнага Федэральнага закона выказаў не толькі амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол, але і шэраг расейскіх чыноўнікаў і праваабаронцаў, у тым ліку міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, Савет па правах чалавека пры прэзідэнце РФ і вядомы праваабаронца Леў Панамароў.

Разам з тым упаўнаважаны пры прэзідэнце РФ па правах дзіцяці Павел Астахаў лічыць, што практыка ўсынаўлення замежнымі сем'ямі «шкодная» для Расеі і павінна быць забароненая ў дачыненні да ўсіх краін. Аналагічную пазіцыю заняла і Руская праваслаўная царква, гаворыцца ў артыкуле.

Акрамя таго, па новым законе грамадзяне ЗША, якія парушаюць правы расейцаў, трапяць у «чорны спіс", і ўладальнікі амерыканскіх пашпартоў больш не змогуць узначальваць расейскія праваабарончыя арганізацыі. Апошняе палажэнне ўдарыць, перш за ўсё, па Людміле Аляксеевай - кіраўніку Маскоўскай Хельсінкскай групы - і па праваабаронцы Таццяне Лакшынай.

Аглядальнік іншага нямецкага выдання - Süddeutsche Zeitung, паведамляе, што Савет Федэрацыі РФ аднадушнай большасцю і на максімальнай хуткасці ўхваліў закон, на які абрынулася небывалая колькасць публічнай крытыкі. Усе крытычныя меркаванні «разнесеныя ў пух і прах, таму што дэпутаты ўбілі сабе ў галаву, што трэба пакараць ЗША».

Аўтар артыкула Франк Нінгуйзен перакананы, што гэта «занадта моцная рэакцыя» на забарону на ўезд у ЗША для некалькіх расейскіх функцыянераў. «Злосць - не заўсёды добры дарадца, таму нават міністр замежных спраў Расеі выказаўся супраць забароны», - гаворыцца ў артыкуле.

Расея заявіла, што павінна справіцца з праблемай сіроцтва сама, але раней ёй гэта не ўдавалася. Цяпер Масква павінна даказаць, што можа хутка змяніць не толькі заканадаўства, але і становішча дзесяткаў тысяч расейскіх дзяцей, заключае журналіст.

«На фоне незвычайна моцнай крытыкі ўнутры саміх кіруючых колаў законапраект, які забараняе ўсынаўленне расейскіх дзяцей амерыканскімі сем'ямі, пераадолеў перадапошні бар'ер», - піша маскоўскі карэспандэнт The Financial Times Чарльз Кловер. Гнеў прыхільнікаў і праціўнікаў закона апынуўся настолькі беспрэцэдэнтным, што gazeta.ru заўважыла: «Гэта першы публічны раскол эліты па ідэйнай прыкмеце».

«Вольга Галадзец, віцэ-прэм'ер па сацыяльных пытаннях, стала першым высокапастаўленым чыноўнікам, які афіцыйна выступіў супраць гэтага закона ў лісце, апублікаваным у аўторак», - паведамляе аўтар. Прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ён рэкамендаваў Галадзец падзяліцца сваімі асцярогамі прававога характару з Крамлём.

Далей журналіст распавядае, што акцёр Канстанцін Хабенскі пазіраваў перад камерамі на цэрымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод са значком «Дзеці па-за палітыкай» - па меркаванні карэспандэнта, Пуцін пры гэтым «выглядаў ашаломленым».

Раней прэзідэнт даў зразумець, што ён падтрымлівае закон як «адэкватны» адказ на «Закон Магніцкага», тлумачыць Кловер. Рускія нацыяналісты, са свайго боку, бачаць ва ўсынаўленні дзяцей замежнікамі прыкмету прыналежнасці да «трэцяга свету».

Чарльз Кловер прыводзіць таксама аргументы праціўнікаў закона: так, старшыня камітэта Дзярждумы па справах жанчын, сям'і і дзяцей Алена Мізуліна параўнала закон з выкарыстаннем дзяцей як «жывога шчыта» тэрарыстамі ў Будзёнаўску.

Напісаць каментар 98

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках