3 траўня 2024, Пятніца, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Народнае кіно пра «Народны альбом»

4
Народнае кіно пра «Народны альбом»

У гонар 15-годдзя «Народнага альбома» знялі фільм пра яго стварэнне.

Кароткая дакументальная стужка «Шлях да Мроі: Народны Альбом» павінна нагадаць беларусам пра культавы праект і даць штуршок да выхаду з дэпрэсіі.

Музычны праект «Народны альбом» святкуе сваё 15-годдзе. У запісе дыска прынялі ўдзел больш за 20 чалавек - амаль усе зоркі беларускага року і прадстаўнікі радыё 101.2. Ідэйным натхняльнікам і аўтарам большасці тэкстаў стаў мастак і паэт Міхаіл Анемпадыстаў, перадае «Еўрарадыё».

«Спачатку быў напісаны «Настаўнік Рагойша», які быў інспіраваны заходнебеларускай фактурай і стылістыкай, - успамінае аўтар. - Яна настолькі прыдатная для працы, настолькі стыльная, настолькі цікавая, што напісаўся верш. Гэта значыць, я не сядзеў і не чухаў галаву, пра што напісаць, хутчэй, наадварот. А пасля «Настаўніка Рагойшы» праз шмат гадоў пачалі з'яўляцца «Два польскіх шпіены», «Кантрабандыст», і паступова гэта ўсё набыло крытычную масу, з якой ужо можна было рабіць альбом».

Музычная п'еса, дзеянне якой адбываецца ў несавецкай Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, адразу атрымала прызнанне ў публікі. На тады яшчэ ўплывовым фестывалі «Рок-каранацыя-97» дыск быў прызнаны альбомам года і праходзіў у намінацыі «Лепшы тэкст года».

«Ён мае розныя ўзроўні каштоўнасцяў, - тлумачыць неверагодную папулярнасць ужо культавага альбома Міхаіл Анемпадыстаў. - Ён з цікаўнасцю слухаецца і лёгка запамінаецца, акрамя гэтага, у ім ёсць культурны і ідэалагічны стрыжань. Усё ж, гэта не проста зборка песень, гэта канцэпцыя, гэта ў нейкім сэнсе культурная карта пэўнага часу і пэўных тэрыторый Беларусі. І пры тым, што ён добразычлівы ў адносінах да ўсіх персанажаў, у ім ёсць і самаіронія, і іронія, і гумар, а гэта заўсёды прасцей рэтрансляваць».

Міхаіл адзначае, што «Народны альбом» - рэч скончаная, таму ніякіх працягаў быць не можа.

Каб адзначыць юбілей праекта, журналіст Севярын Квяткоўскі разам з групай паплечнікаў пад агульнай назвай Budzma TV вырашыў зняць фільм пра стварэнне «Народнага альбома» і яго ўплыў на тагачаснае культурнае жыццё Беларусі.

Пакуль прэзентуецца толькі кароткаметражны фільм аб праекце. Магчыма, у будучыні з'явіцца і поўнафарматнага стужка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках