4 траўня 2024, Субота, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс супраць павелічэння стаўкі адзінага падатку на 30%

25
Бізнэс супраць павелічэння стаўкі адзінага падатку на 30%

Старшыня Менскай рады прадпрымальнікаў і працадаўцаў і Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімір Карагін зрабіў заяву для журналістаў.

Ён паведаміў, што бізнэс-асацыяцыі на мінулым тыдні накіравалі ва ўправу прадпрымальніцтва Менгарвыканкама аргументаваную прапанову не павялічваць стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў ды іншых фізічных асоб на 30% у 2013 годзе, піша БелаПАН.

Са слоў Уладзіміра Карагіна, раней выканаўчыя камітэты сталіцы і абласных цэнтраў Беларусі разаслалі для бізнэс-асацыяцый запыт аб магчымасці ўнясення на чарговую сесію саветаў дэпутатаў пытання аб павелічэнні ў 2013 годзе ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў ды іншых фізічных асоб. У сталіцы і Менскай вобласці стаўку адзінага падатку прапануецца павялічыць на 30%. Аналагічны запыт таксама паступіў у Міністэрства эканомікі Беларусі, аднак, як сказаў Карагін, эканамічнае міністэрства «адмовілася выдаваць якія-небудзь рэкамендацыі, бо гэта непасрэдная прэрагатыва мясцовых органаў улады».

У звароце да менскіх уладаў прадстаўнікі бізнэсу адзначылі, што падчас распрацоўкі гэтага праекта не быў улічаны адзін з пунктаў дырэктывы прэзідэнта № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні справовай актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», які абвяшчае, што павінна быць забяспечанае «правядзенне сталай работы для зніжэння падатковага ціску».

Прадпрымальнікі аргументавалі сваю нязгоду з павелічэннем ставак адзінага падатку тым, што дагэтуль не пераадоленыя наступствы дэвальвацыі беларускага рубля ў 2011 годзе, «у выніку якой прадпрымальнікі страцілі больш за 80% сваіх абарачальных сродкаў». Акрамя таго, са слоў Карагіна, знізілася пакупніцкая здольнасць насельніцтва, вырасла сума камунальных выплат для прадпрымальнікаў і суб'ектаў гаспадарання. Яшчэ адным аргументам прадстаўнікі бізнэсу назвалі пачатак дзеяння тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза 1 студзеня 2013, «што пацягне павелічэнне выдаткаў прадпрымальнікаў».

Бізнэс-асацыяцыі заклікалі дэпутатаў Менгарсавета ўзважыць эканамічную выгаду, бо «сыход некалькіх тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў з рынка, спыненне іхнай дзейнасці як суб'ектаў прадпрымальніцтва нанясе проста шкоду нашай эканоміцы, у тым ліку бюджэту горада», адзначыў старшыня прэзідыума РКП.

У рамках прэс-канферэнцыі на сэлектары выступілі прадстаўнікі абласных прадпрымальніцкіх суполак. У прыватнасці было сказана, што ўлады Віцебскай вобласці заявілі аб магчымасці павелічэння ставак адзінага падатку ў сярэднім на 22%. На сустрэчы прадпрыемцаў са старшынём аблвыканкама і падатковымі органамі з праектам «рынкі пагадзіліся, пярэчанняў не паступала». Сітуацыя ў іншых абласцях Беларусі пакуль не высветленая.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі са спасылкай на Міністэрства фінансаў адзначылі, што паводле заканадаўства падвышэнне гэтага падатку можа быць выключна ў межах узроўню інфляцыі, аднак мясцовыя ўлады нярэдка ігнаруюць гэты пастулат.

У сваю чаргу Карагін выказаў думку, што ўладам наогул варта было б устрымацца ад дапасавання ставак адзінага падатку да інфляцыйных паказчыкаў. «Узровень інфляцыі - гэта недапрацоўка ўрада, гэта паказчык якасці кіравання краінай. Спісваць памылкі чыноўнікаў урада на прадпрымальнікаў, суб'екты гаспадарання наўрад мэтазгодна», - адзначыў ён.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках