Лукашэнка павіншаваў з Новым годам усіх, акрамя Абамы
113- 29.12.2012, 11:48
Дыктатар далей помсціць за старыя крыўды.
Лукашэнка павіншаваў замежных лідараў з Новым годам і Калядамі. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе правадыра.
«Аляксандр Лукашэнка з нагоды Каляд і Новага 2013 года накіраваў віншавальныя пасланні найвышэйшаму кіраўніцтву Расейскай Федэрацыі, Патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі Кірылу, прэзідэнту Рэспублікі Казахстан Нурсултану Назарбаеву, прэзідэнту Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаву, прэзідэнту Азербайджанскай Рэспублікі Ільхаму Аліеву, прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу ды іншым кіраўнікам краін СНД, Еўропы, Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі», - праінфармавалі ў прэс-службе.
Віншаванні ад ягонага імя таксама накіраваныя кіраўнікам міжнародных арганізацый, расейскіх рэгіёнаў, вядомым палітычным і грамадскім дзеячам, прадстаўнікам бізнэс-колаў.
Віншаванняў для прэзідэнта ЗША Барака Абамы ад беларускага дыктатара няма. Нагадаем, Лукашэнка таксама не павіншаваў Абаму з пераабраннем на пасаду прэзідэнта. Тады кіраўнік прэс-службы дыктатара заявіў, што гэта звязана з прынцыпам узаемнасці: у 2008 годзе Лукашэнка павіншаваў Абаму з перамогай на выбарах, а вось прэзідэнт ЗША ў 2010-м не захацеў віншаваць з «пераабраннем» Аляксандра Лукашэнку.