26 снежня 2024, Чацвер, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шантаж транзітам

21
Шантаж транзітам

Беларусь пагражае пераарыентаваць транзіт з партоў краін Балтыі ў парты ў Ленінградскай вобласці Расеі.

Пра гэта спачатку заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з кіраўніком гэтага расейскага рэгіёну. Затым думку беларускага кіраўніка падтрымаў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Чаму Беларусь можа адмовіцца ад праверанага і выгаднага маршруту ў прыбалтыйскія парты на карысць эканамічна немэтазгодна расейскага варыянту?

Зараз асноўны транзіт беларускіх экспартных грузаў ажыццяўляецца праз парты Літвы (Клайпеда) і Латвіі (Вентспілс, Рыга). Дадзеная канфігурацыя склалася ўжо даволі даўно, і ў першую чаргу з-за геаграфічнай блізкасці прыбалтыйскіх партаў. За мінулы час бакам удалося наладзіць супрацоўніцтва, якое, у прынцыпе, усіх задавальняе. У выпадку абвастрэння адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ на палітычнай глебе афіцыйны Менск перыядычна пагражаў перанакіраваць грузы ў парты Ленвобласці. Да гэтага часу дадзеныя пагрозы так і заставаліся нерэалізаванымі на практыцы. Апошнія заявы вышэйшага кіраўніцтва Беларусі здаюцца больш рашучымі. Эксперты прагназуюць, што частка грузаў усё ж сыдзе ў напрамку Санкт-Пецярбурга, піша TUT.by.

Эксперт у транспартнай сферы сцвярджае, што «Беларусі прапанова аб транзіце грузаў праз піцерскія парты паступіла яшчэ летам». Ён адзначыў, што «асноўныя парты ў Ленінградскай вобласці кантралююць бізнесмены, якіх прынята называць «сябрамі Пуціна». Але парты не ў поўнай меры загружаныя. Самы просты спосаб іх дазагрузіць пераарыентаваць беларускія патокі». «Прапанова, якая была ад Пуціна, з разраду тых, ад якіх складана адмовіцца, нягледзячы на эканамічную нявызначанасць, - мяркуе суразмоўца. - Аргументы расейскага боку ў пэўным сэнсе палітызаваныя. Навошта Беларусі карміць еўразвязаўскіх Літву і Латвію, якія крытыкуюць Беларусь, калі можна супрацоўнічаць з Расеяй па гэтым пытанні ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Падобная рыторыка ўласцівая і Лукашэнке, калі гаворка ідзе пра газ і нафту. Але ў цяперашні час яму, верагодна, складана адмовіцца ад прапановы Пуціна, хаця б у святле таго, што Расея перыядычна нагадвае, што трэба было б разлічыцца за растваральнікавы бізнэс».

У некаторай ступені інфармацыю пра гэта пацвердзіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на прэс-канферэнцыі ў рамках Беларускага інвестфоруму. Пры гэтым ён заявіў, што ніякага палітычнага ціску з расейскага боку ў гэтым пытанні няма, «толькі камерцыйны інтарэс». «Санкт-Пецярбург - гэта самы буйны порт у Балтыцы. І, вядома, ён недазагружаны. І, з пункту гледжання бізнесу, яго ўладальнікі зацікаўленыя ў прыцягненні туды грузаў», - сказаў Сямашка. Ён адзначыў, што Беларусь таксама зацікаўленая ў дыверсіфікацыі паставак сваіх грузаў. «Мы тая краіна, якая не мае выхаду да мора. Таму мы за тое, каб дыверсіфікаваць палітычныя і эканамічныя рызыкі. Калі расейскі бок гатовы прапанаваць нам комплексны падыход, мы яго гатовыя разгледзець», - адзначыў першы віцэ-прэм'ер. «Чым больш прапаноў, тым танней транспартная паслуга. З пункту гледжання бізнэсу гэта выгадна, паколькі ўладальнікі партоў павялічваюць загрузку тэрміналаў», - дадаў Сямашка.

Ленінградская вобласць мае магутны транспартна-лагістычны патэнцыял у выглядзе некалькіх буйных марскіх партоў. Гэта, у прыватнасці, Санкт-Пецярбург, Усць-Луга, Прыморск. У цэлым партовая галіна гэтага рэгіёну за паўгоддзе вырасла на 16,2%. Расейскія парты ва ўсходняй Балтыцы пастаянна канкуруюць з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй за грузапаток. Аднак гордыя маленькія дзяржавы пакуль вытрымліваюць канкурэнцыю, падаючы больш нізкія чыгуначныя тарыфы ў параўнанні з расейскімі і больш высокі ўзровень сэрвісу ў партах, кажа эксперт у транспартнай сферы. Краіны Балтыі таксама бліжэй размешчаны да краін-спажыўцоў «беларускіх» нафтапрадуктаў. У дадатак прыбалтыйскія парты незамярзальныя ў параўнанні з суседнімі партамі Расеі.

Больш доўгую адлегласць да расейскіх партоў можна кампенсаваць толькі паніжэннем Расеяй чыгуначных тарыфаў. Гэта ў цяперашні час самы важкі камень перапоны паміж бакамі. Дадзенае пытанне абмяркоўвалі Лукашэнка і губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка. Беларускі кіраўнік болей біў на тое, што мы, маўляў, прынцыпова дамовіліся з Пуціным «аб пераарыентацыі вялікіх аб'ёмаў грузаў, у тым ліку калійных угнаенняў, з партоў балтыйскіх дзяржаў на вашыя парты». Пры гэтым параіў Расеі пайсці на саступкі ў тарыфнай палітыцы, паабяцаўшы «ў аб'ёмах вы значна выйграеце». У сваю чаргу губернатар Ленвобласці адзначыў, што неабходна дамовіцца аб справядлівых тарыфах: «Як мы казалі з урадам Беларусі, каб тарыфы былі хоць бы ў нуль у параўнанні з краінамі Балтыі».

Большасць экспертаў скептычна ацэньваюць магчымасці пераарыентацыі беларускіх грузаў у парты Ленвобласці. Паводле іх ацэнак, беларускія грузы могуць ісці праз Расею, калі ім будуць створаны выключныя ўмовы. У прыватнасці, Расейская чыгунка павінна панізіць свае тарыфы для Беларусі на 40-50%. Інакш эфектыўнасць гэтага лагістычнага калідора не праглядаецца.

У Літве і Латвіі лічаць, што беларусы сапраўды могуць накіраваць грузы па іншых напрамках. «Калі ты працуеш не са сваім грузам, то заўсёды ёсць рызыка яго страціць. Чым больш павялічваецца аб'ём, тым рызыка становіцца больш. Мы ўжо з гэтым змірыліся і з гэтым жывем. Нам нічога не застаецца, як працаваць лепш, працаваць танней», - сказаў дырэктар па маркетынгу Клайпедскага порта Артурас Друнгілас. Ён запэўнівае, што «аптымізацыя транзіту праходзіць на штотыднёвай аснове». Па словах Друнгіласа, у цяперашні час беларускія грузы складаюць каля 30% ад усіх перавалачных грузаў Клайпедскага порта. Калі беларусы накіруюць свае грузы ў іншыя парты, страты сектараў транспарту і лагістыкі складуць каля 1 млн даляраў, сцвярджае прэзідэнт асацыяцыі перавозчыкаў Linava Альгімантас Кандрусявічус.

Прадстаўнік Вентспілскага порта сказаў, што «на нашым баку ёсць шэраг пераваг (тарыфы, сэрвіс, адпрацаваныя схемы і так далей), з-за якіх мы можам Беларусі быць больш цікавымі». Ён перакананы, што «ў Беларусі пераможа разумны сэнс і, толькі невялікая частка беларускіх грузаў будзе перанакіраваная з латвійскіх партоў ў расейскія».

Паўтарае яго міністр камунікацый і транспарту Літвы Элігіюс Масюліс, які лічыць, што інфраструктура Санкт-Пецярбургскага порта і новых партоў, якія будуюцца ў гэтым рэгіёне, недастаткова развіта, і наўрад ці ў агляднай будучыні будзе гатовая да дадатковага абслугоўванні вялікага аб'ёму грузаў. «Эканамічны фактар - кошт, хуткасць і якасць перавозкі грузаў - на нашым баку», - сказаў ён. Паводле яго слоў, у апошні час «было ўсё больш знакаў, якія сведчаць аб тым, што ўплыў Расеі на асноўныя беларускія прадпрыемствы, якія экспартуюць сваю прадукцыю праз балтыйскія парты, расце». «Расея вылучыла пэўныя ўмовы ў абмен на дапамогу Беларусі, і Беларусі няма куды дзявацца», - мяркуе міністр.

Пакуль жа беларускія ўлады імкнуцца выціснуць максімум з магчымасці выбару маршрутаў транзіту, гандлюючыся з Расеяй і краінамі Балтыі. У апошні час у Беларусь зачасцілі прадстаўнікі прыбалтыйскіх портаў і стывідорных кампаній. У прыватнасці, вядома, што 16 лістапада ў рамках Беларускага інвестфоруму прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч сустракаўся з прэзідэнтам асацыяцый стывідорных кампаній Літвы Алаізасам Кузмарскісам. Бакі таксама закранулі пытанні супрацоўніцтва чыгунак Беларусі і Літвы ў галіне нарошчвання транзітных грузапатокаў і аптымізацыі тарыфнай палітыкі, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада. Незадоўга да гэтага Мясніковіч правёў перамовы з амбасадарам Літвы ў Беларусі. 8 лістапада адбылася сустрэча пасла Беларусі ў Латвіі Аляксандра Герасіменкі з міністрам транспарту Латвіі Айвісам Ронісам, які заявіў пра гатоўнасць даць Беларусі ўсе ўмовы для будаўніцтва або арэнды тэрміналаў у партах Вентспілса і Рыгі.

У Мінтрансе Беларусі кажуць, што больш разумна «не прывязваць свае грузы да аднаго парта, а дыверсіфікаваць пастаўкі, каб падтрымліваць канкурэнцыю паміж партамі за беларускі транзіт». Дзякуючы высокаму ўзроўню канкурэнцыі паміж прыбалтыйскімі партамі беларускія экспарцёры ў апошні час маглі выбіраць найбольш прывабныя маршруты для транспарціроўкі сваіх грузаў. Таму, лічаць у Мінтрансе, «рэзкіх ваганняў у гэтай сферы чакаць не варта, хто будзе прапаноўваць найбольш выгадныя ўмовы для транзіту, з тымі і будуць працаваць».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках