24 лiстапада 2024, Нядзеля, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шумчанка: Прычына павышэння падаткаў - новая дэвальвацыя рубля

30
Шумчанка: Прычына павышэння падаткаў - новая дэвальвацыя рубля

Іншай лагічнай прычыны лідэр прадпрымальнікаў не бачыць.

Улады Менска хочуць з 2013 года ў 1,3 разы павысіць стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). У інтэрв'ю сайту charter97.org кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка распавёў, што гэта робіцца для таго, каб проста садраць грошы з прадпрымальнікаў:

«Мы ўжо столькі разоў выказвалі сваё негатыўнае стаўленне да павелічэння падаткаў, што ўжо стаміліся пра гэта казаць. У дадзеным выпадку акрамя як слоў нецэнзурнай лаянкі больш выказаць няма чаго. У прадпрымальнікаў сёння вельмі нізкія тэмпы гандлю і вельмі высокія стаўкі арэнды і выдаткі. Павелічэнне падаткаў будзе адлюстроўвацца на зніжэнні даходаў прадпрымальнікаў і павелічэнні нагрузкі на канчатковых спажыўцоў».

Па словах эксперта, прадпрымальнікі для ўлады - дойная карова, якую кормяць апілкамі:

«Замест таго, каб зніжаць падатковую нагрузку, даваць прадпрымальнікам больш шанцаў зарабляць грошы, каб мы іх укладвалі ў вытворчасць і сферу паслуг, іх працягваюць даіць далей. Мы для іх дойная карова, якую кормяць апілкамі, вось і ўвесь падыход».

Менскія ўлады зыходзяць з прынцыпу «пасля нас хоць патоп», лічыць Анатоль Шумчанка:

«За гэтым стаіць міністэрства па падатках і зборах і міністэрства фінансаў. Даны выразныя ўказанні забяспечыць паступленне грашовых рэсурсаў і чым больш, тым лепш. Вось і ўсё. Менскія ўлады жывуць сёння і цяпер. Урваць сёння і зараз, а заўтра хоць патоп. Тое, што з людзей зрываюць апошняе, гэта нікога не хвалюе. Але ў любым выпадку, колькі вяровачцы не віцца, канец тут адзін і ён ужо відавочны».

Адзіная лагічная прычына для павышэння падаткаў - гэта дэвальвацыя рубля да 13 тысяч за даляр, лічыць прадпрымальнік:

«Я раю не шукаць логіку ў рашэннях уладаў. Логікі тут няма, дадзена задача сарваць пабольш грошай, вось яны гэтым і займаюцца. І пляваць, як будуць заўтра людзі купляць тавары на рынку, колькі ён будзе каштаваць і ці магчыма будзе заўтра яго купіць. Хоць можа быць яны ведаюць тое, чаго мы не ведаем? Можа быць, у наступным годзе даляр будзе не 8500, а 12-13? Тады гэта лагічна».

Кіраўнік «Перспектывы» збіраецца зрабіць усё, каб падаткі для ІП не падвышалі:

«Пакуль павелічэнне толькі ў планах, у бліжэйшы час будзе пасяджэнне камісіі, туды ўвайшлі і сябры нашай арганізацыі, і мы зробім усё, каб павелічэння падаткаў не было. І ў нас ёсць саюзнікі ў гарвыканкаме, якія таксама лічаць, што гэтага рабіць не варта».

Прадпрымальнікам надакучыла наплявацельскае стаўленне, падкрэсліў Анатоль Шумчанка:

«На адной з нарад па павелічэнні падаткаў людзі сказалі - калі будзеце падымаць падаткі, убачыце нас на плошчы. Гэта сказала звычайная прадпрымальніца, якой ужо надакучыла наплявацельскае стаўленне. Ва ўсім свеце падаткі зніжаюць, у Расеі і Украіне невысокія падаткі, а ў нас трэба драць і драць - і кожны год».

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках