26 снежня 2024, Чацвер, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавэс назваў пераемніка

64
Чавэс назваў пераемніка

Уга Чавэс паведаміў, што падчас апошняга медыцынскага абследавання на Кубе лекары выявілі ў яго новую злаякасную пухліну.

Сёння ён ляціць у Гавану, дзе яму зробяць чарговую аперацыю. Надоечы Чавэс назваў у тэлеэфіры імя пераемніка на выпадак, калі з ім нешта здарыцца, краіну павінен узначаліць віцэ-прэзідэнт Нікалас Мадура. Адбылося гэта ўпершыню за ўвесь час, што Чавэс лекуецца ад раку, паведамляе NEWSru.com.

Упершыню пра праблемы са здароўем у прэзідэнта Венесуэлы стала вядома ўлетку 2011 года, калі ён выправіўся на лячэнне на Кубу. Ужо пасля вяртання Чавэс прызнаўся, што ў яго быў выяўлены рак, і яму была зробленая аперацыя для выдалення пухліны. Пасля некалькіх курсаў хіміятэрапіі прэзідэнт Венесуэлы аб'явіў аб сваёй поўнай перамозе над ракам. Напачатку 2012 года Уга Чавэс абвясціў аб новай выяўленай у яго пухліне. Прэзідэнт перанёс яшчэ адну аперацыю ў Гаване, а затым прайшоў некалькі курсаў тэрапіі, пасля чаго ў ліпені паўторна абвясціў пра перамогу над хваробай. Нягледзячы на праблемы са здароўем, 7 кастрычніка Чавэс здолеў перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах у Венесуэле, што дазволіць яму кіраваць краінай на працягу сямі гадоў. Сам Чавэс, які набраў крыху больш за 55 адсоткаў галасоў, успрыняў свой вынік як даволі слабы і заявіў, што дамогся б больш упэўненай перамогі, калі б не змаганне з хваробай.

8 снежня 2012 года Чавэс заявіў, што ў яго выяўленыя новыя злаякасныя клеткі, праз гэта прэзідэнту зноў спатрэбіцца хірургічнае ўмяшанне. Такія высновы былі зробленыя пасля паездкі Чавэса на Кубу, дзе яго абследавалі лекары. «Гэта абавязкова і вельмі важна», - заявіў Чавэс, кажучы аб наступнай аперацыі. Ён таксама выказаў надзею, што, як і ў папярэдніх выпадках, усё скончыцца добра.

Гэтым разам Чавэс не проста наведае Кубу - ён назваў пераемніка, які павінен пераняць уладу ў Венесуэле ў выпадку, калі абраны прэзідэнт не здолее выконваць свае абавязкі.

«Нікалас Мадура не толькі ў гэтай сітуацыі павінен дзейнічаць так, як патрабуе канстытуцыя (на час адсутнасці Чавэса ён выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы), але на маё цвёрдае, абсалютнае і поўнае, як поўня, перакананне, менавіта за яго вы павінны прагаласаваць, калі будзе патрэба правесці новыя прэзідэнцкія выбары», - сказаў Чавэс падчас пасяджэння рады міністраў, якое паказалі праз нацыянальную тэлевізію. «Ён шчыры рэвалюцыянер, вельмі дасведчаны, нягледзячы на свой параўнальна малады ўзрост, адданы сваёй справе», - заявіў Чавэс.

Але палітолагі выказваюць сумнеў у тым, што Мадура здалее без харызмы Чавэса ўтрымаць сімпатыі сацыялістаў, асабліва вайскоўцаў, якія займаюць шмат якія ўрадавыя пасады ў Венесуэле.

Са слоў Чавэса, бітва за ягонае здароўе ўсё яшчэ доўжыцца. Ён звярнуўся да парламента па новы дазвол пакінуць краіну і выказаў упэўненасць, што лячэнне скончыцца паспяхова. Зрэшты, з улікам таго, што Чавэс упершыню за ўвесь час барацьбы з ракам прызначае сабе пераемніка, становіцца відавочна, што ўпэўненасць гэтая не такая моцная, як гэта дэманстравалася да выбараў.

Чавэс узначальвае Венесуэлу з 1998 года.

Сённяшняму віцэ-прэзідэнту Нікаласу Мадуру 50 гадоў. З 2006 да 2012 года ён займаў пасаду міністра замежных спраў Венесуэлы. Другім чалавекам у краіне Мадура (адзін з самых адданых Уга Чавэсу палітыкаў) стаў за некалькі дзён да кастрычніцкіх выбараў.

У 1980-я гады Мадура уважаў сябе за мааіста, адзначае РБК. Працуючы кіроўцам, ён стаў адным з лідараў студэнцкага, а затым прафзвязнага пратэстнага руху. З будучым прэзідэнтам Венесуэлы Угам Чавэсам яго паплечнік пазнаёміўся, калі лідар баліварыянскай рэвалюцыі знаходзіўся ў турме за арганізацыю паўстання.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках