24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зачыстка» Віцебска да прыезду Лукашэнкі: руйнуюцца цяпліцы ды агароды

148

У Віцебску ў мікрараёне Зялёны гарадок у чаканні візіту Лукашэнкі руйнуюць цяпліцы, косяць па калена ў снезе бур'ян і ўкладваюць падчас снегападу асфальт.

Аб'явы з прапановай разбурыць цяпліцы, альтанкі, лаўкі, агароджы ды іншыя канструкцыі, падпісаныя адміністрацыяй ЖЭС-8, з'явіліся ў Зялёным гарадку позна ўвечары 6 снежня. У выпадку невыканання прапановы тутэйшым жыхарам пагражае дэмантаж сіламі ЖЭС-8, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Зрэшты, ведаючы гультаяватасць беларусаў, ЖЭС-8 не стала чакаць устаноўленых сваёй жа адміністрацыяй тэрмінаў, а распачала дэмантаж раніцай 7 снежня. Перш за ўсё, са слоў жыхароў, збурылі і спалілі плот, набыты і ўсталяваны мясцовым насельніцтвам сёлета.

Агарод, на які раптам накінулася ЖЭС-8, існуе тут з савецкіх часоў. У Зялёным гарадку размяшчалася вайсковая частка, і ў дамах № 78 корпус 3 і № 78 корпус 5 жылі афіцэры. Савецкае камандаванне клапацілася пра тое, каб афіцэр пасля цяжкага дня мог закусіць антыдэпрэсант свежым вітамінам, і каля дамоў пасадзілі агародзікі з садам. Вайсковую частку вывелі, а агароды засталіся - яны дапамагалі жыхарам дамоў выжываць у перабудовачныя часы.

Цяпер тут побач са старымі пладовымі дрэвамі, якія саджалі яшчэ салдаты, з'явіліся маладыя саджанцы. За 30 гадоў любові да зямлі на гэтых градках прывучылі не адно пакаленне. Акрамя цяпліц, усталявалі альтанкі, у якіх, напэўна, прыемна было любавацца квеценню яблынь увесну.

Але віцебскія ўлады раптам успомнілі, што ў Зялёным гарадку ёсць сякая-такая мэблевая вытворчасць. Рэвізоры ўбачылі «незаконныя» градкі і зразумелі, што і прэзідэнт іх можа ўбачыць. Крый Божа, разважылі чыноўнікі, кіраўнік дзяржавы падумае, што жыхароў Віцебска дрэнна забяспечваюць вітамінамі. І наважылі зруйнаваць градкі, цяпліцы, альтанкі, лаўкі, агароджы ды іншыя канструкцыі. Маўляў, не савецкі ж час, «Карона» побач, можна агурок гішпанскі купіць, калі захочаш, або маракую ў горшым выпадку.

Але цяпліцы, высветлілася, не самая цяжкая задача для чыноўнікаў. Побач стаяць пустыя казармы. Зруйнаваць іх так проста не атрымаецца - на выпадак ядзернай вайны разлічваліся. Да таго ж, зараслі кашары вакол вербалозам ды быллём, аб праграме «Чыстыя палі» нічога не падазраючы. І вось панурыя мужыкі з бензакосамі па калена ў снезе ваююць з пустазеллем і вербалозам. Зразаюць і паляць на месцы, не гледзячы на тое, што побач газаправод.

Начальнік домакіраўніцтва Лілія Нікіціна паспрабавала прагнаць журналістаў, якія здымалі дзеянні камунальнікаў. А працу сваіх падначаленых ахарактарызавала наступным чынам: «вэрхал прыбіраем». Чаму гэтым заняліся толькі праз трыццаць гадоў, яна адказаць не здолела.

Напісаць каментар 148

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках