БТ зноў паклёпнічае на «Сікорскага і ягоных калегаў»
35- 20.02.2012, 11:00
У выходныя на Першым канале БТ зноў казалі пра «падкопы» суседняй Польшчы.
Прапагандыст Юрый Пракопаў пачаў праграму «У цэнтры ўвагі» з нагадвання, што ў мінулую нядзелю на тэлеканале «Беларусь 1» выйшла «журналісцкае расследаванне» Агенцтва тэленавін «Урокі польскай».
«Аб гэтым баку ўсходняй палітыкі суседзяў было мала вядома. Як вакол амбасады Польшчы сабраўся гурток па інтарэсах, што гандляваў ліпавымі запрашэннямі і візамі з маўклівай і - не выключана - вельмі дзейнай згоды дыпламатаў. Як уладальнікі дыппашпартаў употай ездзілі ў рэгіёны і выбівалі фінансаванне для кандыдатаў у прэзідэнты праз падстаўныя структуры. Нарэшце, якую ролю адыграла Польшча ў падзеях, якія адбыліся ўвечары 19 снежня 2010 года. Каму і колькі належала за плошчу - пазначана ў дэпешы з Варшавы ў менскае прадстаўніцтва.
Калі гэтыя факты ўсплылі, першымі занерваваліся фігуранты журналісцкага расследавання. Някляеў узброіўся калькулятарам і падлічыў, што «за 86 000 еўра нельга купіць 3 000 баевікоў». Выходзіць, кожны набыты за 25 еўра. Не будзем спрачацца: экс-кандыдат лепш ведае, колькі каштуе наняць баевікоў для штурму. Аднак, з ягоных словаўў вынікае, што яны каштавалі нашмат даражэй. Магчыма, пра гэта мы даведаемся пазней, калі WikiLeaks апублікуе новыя дакументы - аб усходняй палітыцы Польшчы», - заявіў Пракопаў.
На БТ паказалі каментар з нагоды паклёпніцкай праграмы МЗС Польшчы. Але, на думку БТ, Варшава нібыта не змагла абвергнуць ні адзін з прыведзеных фактаў.
«Мы шкадуем, што ўлады Беларусі ўвесь час атакуюць суседнюю і прыязную беларусам краіну, замест таго каб паляпшаць умовы жыцця грамадзян Беларусі, хаця б, напрыклад, праз ажыццяўленне пагаднення аб малым памежным руху з Польшчай», - заявіў прэс-сакратар МЗС Польшчы.
На думку Пракопава, «чуць ад польскіх чыноўнікаў аб прыязнасці даводзіцца не ўпершыню. Але вось словы чамусьці разыходзяцца са справамі. Менавіта Польшча лабіравала ўвядзенне супраць беларусаў палітычных, эканамічных і нават гуманітарных санкцый. Пад рэзалюцыямі з заклікамі закрыць ўезд, увесці эмбарга і адмяніць чэмпіянат свету па хакеі стаяць подпісы экс-кіраўніка Еўрапарламента Бузэка. Аб якім развіцці памежнага руху можа ісці гаворка, калі, наадварот, за Бугам прапануюць пашыраць спісы неўязных? У Польшчу не пускаюць нават этнічных палякаў, якія не падабаюцца Варшаве. Больш за тое, Сікорскі і ягоныя калегі хочуць уключыць у чорныя спісы ўсіх, хто «падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ці атрымлівае выгаду дзякуючы яму». Па сутнасці, прапануецца ўключыць у «стоп-ліст» 80 адсоткаў беларусаў, якія прагаласавалі не так, як падабаецца Сікорскаму ці Бузэку. Фармальна пад прапанаваныя крытэры трапляюць нават апаненты ўлады. Дзякуючы «апошняй дыктатуры Еўропы» быць у апазіцыі - выгадны бізнес. Каму не ведаць пра гэта, як спадару Сікорскаму, які ў мінулым годзе сабраў у Варшаве спонсараў, паабяцаў 80 мільёнаў на рэвалюцыю і прыгразіў Беларусі «лівійскім сцэнарам».