24 лiстапада 2024, Нядзеля, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія прафсаюзы - за байкот беларускіх тавараў

55
Расейскія прафсаюзы - за байкот беларускіх тавараў

Канфедэрацыя працы Расеі выступіла ў падтрымку беларускіх прафсаюзаў.

Характэрна, што інфармацыя аб гэтым была апублікаваная на сайце Савета па правах чалавека пры прэзідэнце Расеі.

У аўторак, 14 лютага, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук быў выкліканы ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь для дачы тлумачэнняў у сувязі са зробленай ім нядаўна заявай у падтрымку дэмакратычнага прафсаюзнага руху ў краіне. Генеральная пракуратура ўгледзела прыкметы складу злачынства ў заяве лідэра БКДП аб магчымасці байкоту беларускіх тавараў у краінах Еўрапейскага звяза ў сувязі з парушэннем правоў прафсаюзаў. Гэтыя дзеянні дзяржаўных органаў разглядаюцца Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў як прыкмета ціску на прафсаюзны рух краіны. Салідарную падтрымку незалежнага прафцэнтра гатовыя аказаць міжнародныя прафсаюзы, у тым ліку Канфедэрацыя працы Расеі.

Нагадаем, некаторы час таму на РУВП «Граніт» некалькі сотняў працаўнікоў выйшлі з Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, афіцыйнага найбуйнога аб'яднання прафсаюзаў краіны, і стварылі незалежную прафсаюзную ячэйку. «Улады пачалі здзяйсняць ціск на актывістаў незалежнага прафсаюза, - распавядае старшыня БКДП Аляксандр Ярашук. - Я тады зрабіў заяву аб тым, што калі беларускія ўлады не спыняць сваю палітыку па знішчэнні незалежнага прафсаюзнага руху, што яскрава выяўляецца ў сітуацыі на РУВП «Граніт», то мы выкарыстоўваем ўсе свае магчымасці, як унутранай, так і міжнароднай прафсаюзнай салідарнасці, каб абараніць арганізацыю і людзей, ажно да байкоту беларускіх тавараў».

Менавіта гэтая заява стала прычынай для выкліку Аляксандра Ярашука ў Генпракуратуру. Як паведамілі супрацоўнікі пракуратуры, заявы лідэра БКДП могуць падпасці пад дзеянне некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. «Мяне папярэдзілі аб недапушчальнасці гэтых дзеянняў і паказалі на тое, што артыкулы, якія я нібыта парушыў, прадугледжваюць прыцягненне да крымінальнай адказнасці і зняволенне на тэрмін ад двух да пяці гадоў», - распавёў Аляксандр Ярашук.

Па словах прафсаюзнага лідэра, размова доўжылася досыць доўга - каля трох гадзін. «Я сказаў супрацоўнікам пракуратуры, што магчымая пагроза байкоту тавараў звязаная не з маёй заявай. Не ўва мне трэба шукаць прычыну, а ў палітыцы беларускіх уладаў», - распавядае Аляксандр Ярашук. Ён таксама адзначыў: «Сам факт такога запрашэння і такой размовы, вынясення такога папярэджання з'яўляецца сур'ёзным сігналам для міжнароднай грамадскасці, для міжнароднага прафсаюзнага руху». Адзначым, што Аляксандр Ярашук з'яўляецца таксама віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў і сябрам Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы.

У падтрымку беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў выступіла Канфедэрацыя працы Расеі. «У апошні час улады Беларусі ўзмацнілі ціск на незалежныя прафсаюзы краіны, аб'яднаныя ў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, - нашую братэрскую арганізацыю, - заявіў прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка. - Мы ўважліва назіраем за развіццём сітуацыі на шэрагу прадпрыемстваў, дзе сябры прафсаюзаў, якія ўваходзяць у БКДП вядуць пры падтрымцы прафцэнтра барацьбу за прызнанне свайго права на аб'яднанне ў самакіравальнай арганізацыі. Абараняючы сваё права на аб'яднанне, незалежны беларускі прафцэнтр выкарыстоўвае тыя ж міжнародныя механізмы, што і КТР. Мы абменьваемся досведам і традыцыйна, ужо шмат год, падтрымліваем адзін аднаго».

Барыс Краўчанка таксама заявіў: «Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь можа пакінуць свае спробы заткнуць рот Аляксандру Ярашуку, - ён паводзіцца ўзважана і адказна. Калі ж паўстане рэальная неабходнасць у жорсткіх салідарных дзеяннях з боку прафсаюзаў, то да байкоту беларускіх тавараў з боку замежных спажыўцоў пакліча наш прафцэнтр - Канфедэрацыя працы Расеі. Расейская Федэрацыя з'яўляецца асноўным рынкам збыту для Беларусі, наш голас пачуюць і ў Еўразвязе. Мы зацікаўленыя ў выраўноўванні сітуацыі з працоўнымі правамі на ўсёй постсавецкай прасторы і таму абавязкова падтрымаем БКДП».

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках