23 снежня 2024, панядзелак, 22:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Славенія абараняе алігарха Чыжа ад санкцый ЕЗ

53
Славенія абараняе алігарха Чыжа ад санкцый ЕЗ

Галоўным «тормазам» пашырэння санкцый ЕЗ супраць Беларусі стала Славенія.

Юрый Чыж, буйны спонсар беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, можа пазбегнуць праблем пасля таго, як Славенія заблакавала новы раўнд перамоваў аб еўрапейскіх санкцыях, выклікаўшы неспакой, што яна ставіць свае дробныя камерцыйныя інтарэсы вышэй за жыццё палітычных зняволеных, піша брусэльскае выданне EUobserver.

Любляна падняла чырвоны сцяжок на 11 гадзін перамоваў у Брусэлі на мінулым тыдні напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў ЕЗ 27 лютага, на якім рашэнне аб санкцыях павіннае быць канчаткова зацверджанае.

Прэс-сакратар славенскага прадстаўніцтва ў Брусэлі ў пятніцу, 24 лютага, абверг інфармацыю, што Славенія наклала вета на рашэнне аб санкцыях, адзначыўшы, што іншыя краіны таксама выказалі свае сумневы датычна санкцый.

«Ніякага вета няма, перамовы працягваюцца. Мы не можам нічога каментаваць на гэтай стадыі перамоваў, рашэнне будзе прынятае ў панядзелак падчас сустрэчы міністраў замежных спраў», - сказаў Ураш Махкаквец сайце EUobserver.

Неназваны дыпламат з краіны-прыхільніцы санкцый сказаў, што афіцыйная лінія Славеніі складаецца ў тым, што калі Чыж патрапіць у «чорны спіс», на полі публічных тэндэраў у Беларусі уварвецца Расея, што нанясе шкоду рынкавай канкурэнцыі.

Аднак той жа дыпламат дадаў, што сапраўдная прычына хутчэй крыецца ў тым, што славенская будаўнічая фірма Riko Group нядаўна выйграла конкурс на будаўніцтва нерухомасці разам з кангламератам «Трайпл», якія належаць Чыжу.

Спачатку Славенія выступала за тое, каб прыбраць прозвішча Чыжа з новага дадатку да «чорнага спісу» ЕЗ. Але калі гэта не атрымалася, яна заблакавала ўвесь новы спіс, у якім каля 30 прозвішчаў - большасць з якіх складаюць службовыя асобы, якія маюць дачыненне да арыштаў і дрэннага абыходжання з актывістамі апазіцыі.

«Сама ідэя, што ў Беларусі ёсць нейкі вольны рынак - гэта проста жарт. Усе ведаюць, што рэжым кантралюе ўсю камерцыйную дзейнасць у краіне. Гэта пагражае падарваць аўтарытэт ЕЗ як раз у той час, калі Лукашэнка спакойна смяецца над усімі нашымі спробамі здзейсніць на яго ціск», - сказаў згаданы дыпламат.

EUobserver паведамляе, што Чыж, 48-гадовы бізнесмэн з вёскі Сабалі Брэсцкай вобласці - блізкі кампаньён і рэгулярны хакейны партнёр Лукашэнкі, якога функцыянеры ЕЗ лічаць адным з ягоных фінансавых пасярэднікаў.

Яго група кампаній «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, забаўляльнай індустрыяй, рэстаранамі, супермаркетамі, турызмам, лагістыкай і аперацыямі з нафтапрадуктамі. Ён валодае таксама дылерскай фірмай Audi. Яна мае шырокія справавыя сувязі з Латвіяй, Літвой, Германіяй, Нідэрландамі і Польшчай, таму можа істотна пацярпець ад еўрапейскіх санкцый.

Па інфармацыі беларускіх апазіцыйных крыніц, Riko Group збіраецца дапамагаць «Трайплу» у праекце будаўніцтва гатэля «Кемпінскі» на 57 мільёнаў еўра. Riko мае таксама два асобных кантракты на 54 мільёны еўра з дзяржаўнай фірмай Мінскэнерга па пабудове электрастанцый. Фірма Riko працуе ў Беларусі з 2000 года і ў 2004-м нават запрасіла самога Лукашэнку правесці пару дзён на славенскім лыжным курорце.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках