Чэргі на мяжы з Літвой растуць: Можа быць абмежаваны ўвоз дызелю
4- 20.03.2012, 15:54
На мяжы Літвы і Беларусі на кантрольна-прапускным памежным пункце «Каменны Лог - Мядзінінкай» сабралося каля 1,5 тысяч грузавікоў.
З боку Беларусі ўезду ў Літву чакаюць каля 800 транспартных сродкаў. Кіламетровая чарга з не менш чым 600-700 аўтамабіляў стаяла і з боку Літвы, паведамляе БелТА.
Паводле інфармацыі амбасады Беларусі ў Літве, для такіх чэргаў ёсць некалькі аб'ектыўных прычын. Паколькі на кантрольна-прапускным пункце «Катлоўка» дзейнічаюць абмежаванні на транспартную вось, уведзеныя Мінтрансам Беларусі, частка грузавой плыні перанакіравалася на «Каменны Лог». Павялічыў нагрузку на гэты прапускны пункт і рамонт пункта «Грыгораўшчына» на беларуска-латвійскай мяжы. Спрыялі павелічэнню плыні грузавога транспарту на мяжы з Літвой і абмежаванні на ўвоз дызельнага паліва з боку Польшчы. У чарзе нямала фур і з Украіны і Малдовы.
Павелічэнне плыняў грузавога транспарту патрабуюць, па словах прадстаўніка амбасады Беларусі ў Літве, адкрыцця дадатковых міжнародных пунктаў пропуску. Беларускі бок звяртаўся да Літвы з прапановай адкрыць новыя міжнародныя пункты пропуску. Літва згодная, але пакуль пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання.
Між тым у Літве ходзяць чуткі пра намер урада ўвесці абмежаванні на ўвоз дызельнага паліва ў Літву з Беларусі і Калінінградскай вобласці ў сувязі з тым, што ягоны кошт у Літве амаль у два разы вышэйшы, чым, напрыклад, у Беларусі. Магчыма, гэта стала яшчэ адной неафіцыйнай прычынай павелічэння чэргаў. Аднак, як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Мытнага дэпартамента Літвы Ёнас Мішкінес, ніякіх планаў па змене існуючых нормаў увозу дызпаліва ў Літву няма.
І без таго павялічаныя кошты на дызпаліва ў Літве пагражаюць павялічыцца яшчэ. Рост коштаў могуць справакаваць прынятыя ў пачатку сакавіка папраўкі да заканадаўчых актаў з новымі патрабаваннямі да якасці паліва, у адпаведнасці з якімі дызельнае паліва, якое прадаецца на АЗС Літвы, павіннае змяшчаць не менш як 7% біядабавак. Такога стандарту пакуль няма ні ў адной краіне ЕЗ: па законах ЕЗ біядабавак павінна быць не больш за 7%. У Літве ж пакуль усё дызельнае паліва, па словах кіраўніка Літоўскай асацыяцыі гандляроў нафтапрадуктамі (ЛАГН) Лукаса Васілюса, такому стандарту не адпавядае, так што такі закон можа на час наогул пакінуць краіну без дызпаліва.