Кіраўнік «Нямецка-беларускага таварыства» асудзіў дзеянні Менска
- 23.03.2012, 9:50

Кіраўнік «Нямецка-беларускага таварыства» Райнэр Лінднэр асудзіў нядаўнюю адмову ва ўездзе ў Беларусь прадстаўніку гэтай арганізацыі Астрыд Заам.
Гэты крок яшчэ больш ўскладніць адносіны паміж Менскам і Берлінам, лічыць Лінднер.
Германская няўрадавая арганізацыя «Нямецка-беларускае таварыства» (BDG) рэзка асудзіла адмову беларускіх уладаў упусціць у краіну аднаго з яе прадстаўнікоў Астрыд Заам, перадае Deutsche Welle. «Ад імя праўлення «Нямецка-беларускага таварыства» я выказваю пратэст супраць дзеянняў адказных за гэтае рашэнне прадстаўнікоў беларускага кіраўніцтва», - гаворыцца ў заяве кіраўніка BDG Райнэра Лінднэра, распаўсюджанай 22 сакавіка.
Астрыд Заам з'яўляецца адной з сузаснавальнікаў і сябрам праўлення BDG, а таксама - з 1997 года - сябрам камісіі рэгулярнай канферэнцыі «Менскі форум». Акрамя таго, з Беларуссю яе звязвае шматгадовая дзейнасць па пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй «Надзея». «Ва ўездзе ў Беларусь было адмоўлена чалавеку, які ўнёс значны ўклад у развіццё германа-беларускіх адносінаў», - такую выснову робіць у сваёй заяве кіраўнік «Нямецка-беларускага таварыства».
Па ягоных словах, гэты крок яшчэ больш ўскладніць адносіны паміж Менскам і Берлінам, а таксама стварае перашкоды для далейшай дзейнасці «Менскага форуму». Нагадаем, нягледзячы на наяўную ў яе беларускую візу, 18 сакавіка былой дырэктарцы Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB) імя Ёханэса Раў Астрыд Заам было адмоўлена ва ўездзе ў краіну. Наўпрост з аэрапорта «Менск» яна вымушаная была вылецець у Рыгу. У Беларусі Заам патрэбна было абмеркаваць пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай выставы па чарнобыльскай тэматыцы.