На Валадарку прынеслі кветкі для Каваленкі (Фота)
2- 26.03.2012, 9:41
25 сакавіка група сябраў КХП-БНФ прынесла букет кветак і ліст з віншаваннямі для Сяргея Каваленкі з нагоды Дня Волі.
Супрацоўнікі адміністрацыі Валадаркі пасля доўгага грукату ўсё ж адчынілі дзверы і пагутарылі з прадстаўнікамі партыі, але не дазволілі перадаць кветкі і ліст. Букет актывісты пакінулі на лаўцы перад ізалятарам, перадае «Радыё Свабода».
«Сяргей Каваленка - гэта гонар нацыі. Мы і зараз ганарымся гэтым чалавекам, і заўсёды будзем ганарыцца ім і такімі, як ён. Ён нам дэманструе, як трэба змагацца за вольную, незалежную Беларусь», - сказаў Юрась Беленькі.
Сяргей Каваленка трымае галадоўку пратэсту супраць незаконнага, як ён лічыць, прысуду. Актывіста прысудзілі да 2 гадоў і 1 месяца зняволення за парушэнне парадку адбывання хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

