25 снежня 2024, Серада, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спіс «невыязных» ўзаконяць ў маі

22
Спіс «невыязных» ўзаконяць ў маі

У маі ўступаюць у сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб органах дзяржаўнай бяспекі».

Згодна са змяненнямі існаванне неафіцыйнага «спісу невыязных» апазіцыянераў, праваабаронцаў і незалежных журналістаў набывае прававыя падставы, піша ПЦ «Вясна».

Сваё меркаванне па гэтым пытанні выказвае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, якому таксама абмежаваны выезд з Беларусі.

- Якімі вам бачацца перспектывы развіцця падзей вакол так званага «спіса невыязных»?

- Адносна перспектыў сказаць нешта цяжка, бо сітуацыя ў краіне вельмі няпэўная ў звязку і з дыпламатычным крызісам, і крызісам у стасунках з Еўразвязам. І  сказаць адназначна, у які бок яна будзе схіляцца: у бок пагаршэння ці, можа быць, нейкай стабілізацыі і непавелічэння колькасці рэпрэсаваных - зараз сказаць складана.  Я думаю, што перспектыва «спіса невыязных» цалкам залежыць ад гэтай сітуацыі.

Улады таксама прыклалі намаганні да зменаў заканадаўства, фактычна ўзаконілі практыку абмежаванняў на выезд. Яны дадалі новыя падставы для такога абмежавання - калі асоба знаходзіцца  на прафілактычным уліку КДБ. У лістападзе мінулага года гэтыя змены былі прынятыя, у маі яны ўступаюць у сілу. Такім чынам абсалютна неправавыя, палітычна матываваныя захады стануць законнымі, таму што зараз тыя прычыны, па якіх законапаслухмяных людзей абмежавалі ў выездзе, - проста смешныя.

- Пакуль вы можаце патрапіць у Еўразвяз праз Расею. А што будзе, калі Расея перастане пускаць праз сваю тэрыторыю?  

- Так, пакуль можна ездзіць праз Расею, і ніякіх праблем не было. Калі яны з’явяцца, мы будзем аспрэчваць такое рашэнне ў самой Расейскай Федэрацыі. Тут у нас ёсць дамоўленасці з нашымі калегамі - расейскімі праваабаронцамі і адвакатамі. Калі ўсе прававыя інстанцыі ў Расеі будуць пройдзеныя беспаспяхова, будзем звяртацца ў Еўрапейскі суд. Расея ўваходзіць у Раду Еўропы і ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека, прызнае кампетэнцыю Страсбургскага суда, і нават калі я не з’яўляюся грамадзянінам Расейскай Федэрацыі, але Расея парушыла мае правы, якія гарантаваныя Еўрапейскай канвенцыяй, то я супраць Расеі маю магчымасць падаваць скаргу ў Страсбург. Калі такое здарыцца - будзем ствараць прэцэдэнт.

Мы мелі гутарку  таксама з калегамі-праваабаронцамі, у прыватнасці з Валянцінам Гефтэрам, які ўваходзіць у Грамадскую раду пры прэзідэнце Расейскай Федэрацыі, і гэта сітуацыя са «спісам невыязных» даведзеная да ведама прэзідэнта Расеі. Таксама ўпаўнаважаны па правах чалавека Расеі Уладзімір Лукін ужо некалькі разоў заяўляў пра гэтую праблему і казаў, што яна будзе знаходзіцца на ягоным кантролі, і што Расея не будзе прадпрымаць захадаў, каб не выпускаць асоб, якім абмежаваны выезд з Беларусі па палітычных матывах.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках