Умовы паступлення ў ВНУ зробяць «больш жорсткім»
83- 3.04.2012, 10:26
Студэнтамі стануць толькі тыя, хто набярэ на ЦТ хоць бы 8 балаў са 100.
Міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч месяц таму заявіў, што ў гэтым годзе плануецца ўсталяваць мінімальны бал па выніках ЦТ, з якім можна было б паступаць у ВНУ. Тады міністр адзначыў, што гэта будзе бал не ніжэйшы за 7. Аднак сёння ў газеце «Рэспубліка» была апублікаваная прамая лінія, падчас якой Маскевіч заявіў, што мінімальны бал, магчыма, будзе не ніжэйшы за 8, піша onliner.by.
«З гэтага года мы вызначым мінімальны станоўчы бал на ЦТ-2012 па ўсіх прадметах для паступлення ў ВНУ. Магчыма, ён будзе не ніжэйшы за 8 балаў. Атрымаўшы адзнаку меншую за ўсталяваны бал, абітурыент не зможа паступаць у ВНУ. Аднак ён можа скарыстацца сваім правам для паступлення ў ССНУ і ПТВ», - падкрэсліў ён.
У міністэрстве лічаць, што такая мера дасць магчымасць паступаць у ВНУ толькі падрыхтаваным абітурыентам.