Сяргей Каваленка. Гімн бел-чырвона-беламу сцягу (Відэа)
46- 6.04.2012, 17:31
Аматарскі фільм з цыклу «Хронікі суднага часу», прысвечаны Сяргею Каваленку, з'явіўся ў Сеціве.
Палітвязень з Віцебска, які церпіць за бел-чырвона-белы сцяг, галадае са снежня мінулага года. Нядаўна ён быў змешчаны ў аддзяленне рэспубліканскай лякарні ў калоніі «Віцьба-3». Турэмныя медыкі прымусова спрабуюць выратаваць яму жыццё і кормяць праз зонд, нагадвае ПЦ «Вясна».
24 лютага суд Першамайскага раёна Віцебска прысудзіў Сяргея Каваленку да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Апазіцыянер абвінавачаны ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Яго асудзілі ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска.
На знак пратэсту апазіцыянер абвясціў галадоўку, падчас якой страціў амаль 40 кілаграмаў. Выходзіць з галадоўкі добраахвотна Каваленка адмаўляецца, пратэстуючы такім чынам супраць прысуду.
Касацыйная скарга Сяргея Каваленкі павінная быць разгледжаная ў Віцебскім абласным судзе 10 красавіка.