Брэсцкія ўлады забаранілі ўсе пікеты «За сумленныя выбары без Лукашэнкі»
2- 14.05.2012, 11:08
Пяць акцый былі заяўленыя на 15 мая мясцовымі актывістамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, каб прыцягнуць увагу жыхароў горада да адсутнасці ў краіне вольных і сумленных выбараў.
Як распавёў ПЦ «Вясна» старшыня брэсцкай абласной структуры АГП Уладзімір Вуек, пікеты былі забароненыя нават у тых месцах, якія гарвыканкам вызначыў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Так, у правядзенні пікету ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў было адмоўлена на той падставе, што там у гэты час будзе праходзіць святочная праграма ў гонар Дня сям'і, а забарона аналагічнай акцыі на стадыёне «Лакаматыў» абумоўлены нібыта прызначанай на той жа час гульні ў межах адзінага «Тыдня футбола». Што тычыцца пікету каля супермаркета «Алмі», то ён не дазволены па звыклай прычыне: гэтае месца не вызначанае гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў.
Уладзімір Вуек лічыць падставы для забароны акцый неабгрунтаванымі, і такім чынам брэсцкія ўлады парушылі правы актывістаў АГП на мірныя сходы і мітынгі, якія замацаваны Канстытуцыяй Беларусі. Таму заяўнікі акцый маюць намер абскардзіць іх забарону ў судзе.