Лідару АГП пагражае канфіскацыя маёмасці за... выплачаны штраф
6- 15.05.2012, 13:08
Прысуджаныя Аршанскім судом 350 тысяч рублёў штрафу Анатоль Лябедзька аплаціў, але яго па-ранейшаму лічаць даўжніком.
Судовыя выканаўцы суда Цэнтральнага раёна Менска папярэдзілі палітыка аб магчымай канфіскацыі маёмасці за нявыплату штрафу за «аршанскую справу». Нягледзячы на тое, што Лябедзька выплаціў 350 тысяч штрафу яшчэ ў пачатку мая. Лідар АГП не выключае, што гэта робіцца дзеля таго, каб такім чынам апраўдаць ўнясенне яго ў спіс невыязных з Беларусі, перадае «Еўрарадыё».
«Гэтая паперка, якая прыйшла пасля таго як я 1 ці 2 мая аплаціў і заказным лістом квітанцыю аб аплаце накіраваў у Оршу, мяне здзіўляе. Нейкая справа цёмная. Ці яны хочуць хаця б фармальна павесіць на мяне нейкі штраф і тым самым потым знайсці якую-небудзь прававую зачэпку для тлумачэння таго, чаму мяне не выпускаюць з краіны?», - кажа лідар АГП.
Нагадаем, 28 сакавіка ў Оршы з цягніка быў зняты Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Аляксандр Атрошчанкаў, якія накіроўваліся ў Расею. Праз дзень у судзе Аршанскага раёна разглядалася іхняя справа аб «дробным хуліганстве», кожнаму было прысуджана па 350 тысяч рублёў штрафу.