АГП абскарджвае адмовы ў правядзенні 68 пікетаў за сумленныя выбары
5- 17.05.2012, 16:05
17 мая на прэс-канферэнцыі ў Менску сябар палітрады партыі Васіль Палякоў заявіў, што АГП абскарджвае адмовы ў правядзенні 68 пікетаў «За сумленныя выбары без Лукашэнкі».
«Улады адмовілі ў правядзенні ўсіх 68 пікетаў, якія мы хацелі правесці 15 мая ў розных гарадах Беларусі. Адказы на заяўкі дадзеныя фармальныя», - падкрэсліў ён.
Па словах лідара АГП Анатоля Лябедзькі, падаючы заяўкі на пікеты, партыі «было важна атрымаць адказы на перспектыву, як будзе праходзіць парламенцкая выбарчая кампанія», піша БелаПАН.
«Лукашэнка ў сваім пасланні народу і «парламенту» заявіў, што выбары пройдуць на вышэйшым узроўні. Мы атрымалі пацверджанне зваротнага: улады па надуманых прычынах адмаўляюць у правядзенні нават простага пікету. Напярэдадні выбараў мы хацелі правесці дыялог з грамадзянамі, аднак улада ў ім не зацікаўленая», - сказаў ён.
Палякоў таксама паведаміў, што АГП падала заяўкі яшчэ на 46 пікетаў: чатыры - на 20 -21 мая і 42 - на пачатак чэрвеня. Лябедзька прагназуе, што і на гэтыя заяўкі будуць атрыманыя адмоўныя адказы.
Лідар партыі паведаміў, што і сам падаваў заяўку на правядзенне пікету на пляцоўцы каля крамы «Радзівілаўскі». «Сваю адмову Менгарвыканкам матываваў правядзеннем рамонту існуючых і ўладкавання дадатковых парковачных месцаў. Я не паленаваўся, схадзіў да крамы 15 мая і сёння - ніякія працы там не вяліся», - сказаў Лябедзька.