24 снежня 2024, aўторак, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стэфановіч: Новы закон аб амністыі спрэс палітызаваны

1
Стэфановіч: Новы закон аб амністыі спрэс палітызаваны

Праваабаронцы жорстка раскрытыкавалі накіраваны ў «парламент» 15 чэрвеня праект закон аб амністыі за яго палітызаванасць.

Пры гэтым падчас спецыяльнай нарады Лукашэнка заяўляў, што «ніякай палітыкі тут быць не павінна» і «ўсё павінна быць сумленна», піша ПЦ «Вясна».

12 чэрвеня падчас нарады па пытаннях амністыі, прымеркаванай да свята 3-га ліпеня, прэзідэнт Лукашэнка, як праінфармавала ягоная прэс-служба, заявіў: «Мы праводзім амністыю ў нашай дзяржаве і дзеля нашага грамадства. Гэта і сігнал грамадству, і заахвочванне зняволеных. Ніякай палітыкі тут быць не павінна».  

Аднак, прааналізаваўшы пералік артыкулаў, паводле якіх асобы не могуць патрапляць пад амністыю, праваабаронцы загаварылі пра палітычную афарбоўку, якая стала «спецыфікай» закона аб амністыі-2012.  

«Калі правесці параўнанне з законамі аб амністыі папярэдніх гадоў, то ў пералік артыкулаў, на якія не распаўсюджваецца амністыя, ніколі не ўключаліся, напрыклад, артыкулы 342-і, 367-ы… Я нагадаю, што па падзеях 19-га снежня 10 чалавек былі асуджаныя па артыкуле 342-м. Сярод іх – Зміцер Бандарэнка, які атрымаў два гады пазбаўлення волі і праз памілаванне быў вызвалены не так даўно. Сярод іх - Павел Севярынец, які зараз у Берасцейскай вобласці адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. І яшчэ восем чалавек па гэтым артыкуле адбываюць розныя тэрміны – умоўныя альбо з адтэрміноўкай прысуду. І паводле новага закона ніхто з іх пад амністыю не патрапляе. Хоць раней у нас яшчэ былі спадзяванні, што Павел Севярынец выйдзе на волю. Што адносна тых, на каго судом накладзена абмежаванне волі ў выглядзе ўмоўных тэрмінаў ці з адтэрміноўкай, як Ірына Халіп, Уладімір Някляеў і іншыя, гэтыя абмежаванні будуць адмененыя. А зараз  мы бачым, што гэтыя нашыя спадзяванні не спраўдзіліся», - кажа намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Пацвярджэннем «персанальнага падыходу ўладаў да правядзення амністыі ён называе і фігураванне артыкула 367-га: «Тут сітуацыя таксама зразумелая: па ім быў Асуджаны журналіст Анджэй Пачобут, які адбывае пакаранне з адтэрміноўкай. На яго амністыя таксама распаўсюджвацца не будзе».

Праваабаронца звяртае ўвагу, што ў асноўным у пералік артыкулаў, на асуджаных па якіх не распаўсюджваецца амністыя, уваходзяць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы –  «Кваліфікаванае забойства», «Згвалтаванне», «Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару», «Бандытызм», «Тэрарызм» і іншыя, і ў адзін шэраг з імі ставяцца артыкул 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» і артыкул 367 «Паклёп на прэзідэнта».  

«Я паўтаруся, што гэтыя артыкулы ніколі раней у пералік артыкулаў, на якія не распаўсюджваецца амністыя, не ўключаліся. А ў гэтым годзе мы бачым такую вось «спецыфіку», - дадае Стэфановіч і падкрэслівае, што асноўная мэта сёлетняга закона аб амністыі - недапушчэнне вызвалення палітычных вязняў.

«Большасці палітвязняў на сёння ўстаноўлены статус злосных парушальнікаў рэжыма адбывання пакарання. У тым ліку і нашаму калегу Алесю Бяляцкаму, які паведаміў, што ў хуткім часе павінна адбыцца рада атрада, на якой яму будзе прысвоены такі статус, - адзначае праваабаронца. - Таму спадзяванні міжнароднай супольнасці і беларускіх праваабарончых арганізацыяў на тое, што ў выніку амністыі будуць вызваленыя хаця б некалькі палітычных вязняў, не спраўдзіліся. Ніхто па гэтай амністыі вызвалены не будзе».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» па-ранейшаму настойліва заклікае беларускія ўлады да безумоўнага і неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.  

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках