30 красавiка 2024, aўторак, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукам надакучыла чуць пад вокнамі мацюкі супрацоўнікаў СК

15

Жыхары дома ў цэнтры абураныя тым, што пад іхнімі вокнамі гуляюць у футбол супрацоўнікі ЖРЭА і Следчага камітэта.

Па канцэнтрацыі праблем на 1 квадратны метр плошчы гэты невялікі квартал у Менску пакуль у лідарах.

У мінулым годзе жыхары вуліцы Чырвонаармейскай адбіліся ад будаўніцтва рыбнага рэстарана Porto Del Mare на месцы былой прыбіральні ў парку 40-годдзя Кастрычніка. Пасля доўга ваявалі з уладамі, спрабуючы заблакаваць узвядзенне гасцініцы «Пекін». І вось новая праблема: спакою грамадзянаў пазбавіў футбольны стадыён, піша onliner.by.

Спартовая пляцоўка была тут і раней, але актыўна эксплуатаваць яе пачалі гэтай вясной.

- Пад вокнамі нашага дома (Чырвонаармейская, 34а) адміністрацыя Ленінскага раёна пабудавала спартовую пляцоўку. З гэтага моманту на ёй сталі праводзіць сталыя гульні ў футбол, што стварае моцны шум, крыкі і нецэнзурную лаянку, - паскардзіліся жыхары ў Менгарвыканкам. - З раніцы і да позняга вечара мы вымушаныя міжволі знаходзіцца нібыта на трыбуне стадыёна. Але гэта ж не стадыён, а жылы дом! Немагчыма цэлымі днямі трываць гэты неверагодны шум. Просім разабрацца ў сітуацыі і прыняць рашэнне, каб даць людзям нармальна адпачываць у сябе дома.

На пляцоўцы, паводле людзей, гуляюць у футбол дарослыя мужыкі, супрацоўнікі камунальных служб, праваахоўных органаў, «прыватнікі». Некалькі разоў мячы заляталі ў вокны іхніх кватэр. Пенсіянеры, што адпачывалі на лаўках, распавялі: асабліва яны абураныя тым, што спартоўцы гучна лаюцца і крычаць.

- Нават у выходныя дні ніякага спакою няма! - незадаволеныя бабулькі.

Пляцоўка насамрэч размешчаная побач з жылым дома. Але ў раённай адміністрацыі заяўляюць, што ніякіх заканадаўчых норм не парушана, а графік працы аб'екта складзены у тым ліку з улікам інтарэсаў жыхароў.

Што-небудзь мяняць у працы стадыёна чыноўнікі, мяркуючы па ўсім, не маюць намеру. Ды і калі б пайшлі на саступкі, цішэй у парку 40-годдзя Кастрычніка ад гэтага, на жаль, не стане. У некалі спакойным менскім квартале ўжо закруцілася маштабная будоўля «Пекіна». Зялёная зона абгароджаная і перакапаная, дрэвы высечаныя, першыя палі забітыя. Кітайскія рабочыя прывыклі будаваць хутка.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках