Ад адваката Саннікава адмовілася калегія (Фота)
66- 26.06.2012, 9:38
Забарону на выезд з Беларусі Марыне Кавалеўскай калегія адвакатаў аспрэчваць не збіраецца.
6 чэрвеня адвакату былога кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Андрэя Саннікава было адмоўлена ў выездзе з тэрыторыі Беларусі. У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Марыне Кавалеўскай паведамілі, што падставай для адмовы стала тое, што Міністэрства абароны ўключыла яе ў т.зв. банк дадзеных невыязных за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу. У райваенкамаце, натуральна, гэтую інфармацыю абверглі, пацвердзіўшы, што Кавалеўская не з'яўляецца ваеннаабавязанай i на воiнскiм улiку не стаіць.
Аб сваіх далейшых дзеяннях адвакат распавяла сайту charter97.org:
«Разглядаючы факт адмовы ў выездзе за межы Беларусі як спробу ціску на адваката, што забаронена законам, 7 чэрвеня я звярнулася ў Менскую гарадскую калегію адвакатаў і Рэспубліканскую калегію адвакатаў з патрабаваннем афіцыйна адрэагаваць на парушэнне майго канстытуцыйнага права на свабоду руху і спыніць ціск на адваката - сябра калегіі адвакатаў. Да службовай запіскі я далучыла дакументы з АГІМ МУС і РВК. Акрамя таго, я паведаміла кіраўніцтву калегій аб накіраванні скаргаў у сувязі з гэтай сітуацыяй у МУС, Генеральную пракуратуру і суд Цэнтральнага раёна.
Праз 12 дзён старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў прадставіў наступны адказ: «...Вам было адмоўлена ў перасячэнні мяжы падчас вашага знаходжання ў адпачынку, а не падчас выканання прафесійных абавязкаў. У сувязі з гэтым Вам неабходна скарыстацца прадстаўленым правам у сувязі з адмовай у перасячэнні дзяржаўнай мяжы».
Такая пазіцыя кіраўніцтва Рэспубліканскай калегіі адвакатаў выклікае выключна шкадаванне. Падобным адказам кіраўніцтва калегіі адвакатаў адхіляецца ад выканання непасрэднай першаснай функцыі - абароны правоў адвакатаў, замацаваных у статуце калегіі і гарантаваных законам».